Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі не ўяўляе, як Украіна можа супрацоўнічаць з Расеяй і Беларусьсю ў рамках Рады міру

абноўлена

Уладзімір Зяленскі. Архіўнае фота
Уладзімір Зяленскі. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскі бок атрымаў запрашэньне ЗША ўвайсьці ў склады Рады міру, і дыпляматы працуюць над гэтым пытаньнем.

Як паведаміла агенцтва Укрінформ, у той жа час Зяленскі заўважыў, што ня можа ўявіць, як Украіна будзе супрацоўнічаць у адным органе з Расеяй і Беларусьсю.

«Расея — наш вораг, Беларусь — яе саюзьнік. Пакуль што для мяне вельмі складана ўявіць, як мы з Расеяй можам быць разам у той ці іншай радзе. І гэта ня тычыцца гэтай „Рады міру“. Проста Расея — гэта пра „Раду вайны“. І Беларусь разам зь імі, а менавіта рэжым Лукашэнкі», — працытавала Зяленскага агенцтва.

Ідэя Рады міру абмяркоўваецца з часу спыненьня агню ў сэктары Газа. Паводле пляну Дональда Трампа, на другім этапе перамір’я кіраваньнем Газай мусіў бы займацца часовы палестынскі камітэт, падсправаздачны менавіта Радзе міру — міжнароднай структуры на чале з самім Трампам.

Першым старшынём Савета міру мае стаць Дональд Трамп. Ён жа будзе вырашаць, каго запрашаць у склад органу. Хоць рашэньні будуць прымацца большасьцю галасоў (адна краіна — адзін голас), усе яны мусяць быць зацьверджаныя старшынём. Трамп таксама атрымае права выключаць краіны з Савету, калі гэта не заблякуе большасьць у дзьве траціны галасоў. Ён жа будзе зацьвярджаць парадак дня і вызначаць час і месца пасяджэньняў.

19 студзеня стала вядома, што прэыздэнт ЗША накіраваў адпаведныя запрашэньні 49 краінам сьвету, у тым ліку Расеі і Беларусі. Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Беларусі Руслан Варанкоў заявіў, што беларускі бок атрымаў асабісты зварот прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на адрас Аляксандра Лукашэнкі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG