Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы з пратэрмінаванымі пашпартамі змогуць атрымаць дазвол на жыхарства на Кіпры, — актывістка

Нікасія, Кіпр. Ілюстрацыйнае фота
Нікасія, Кіпр. Ілюстрацыйнае фота

Кіпр можа стаць 13-й краінай, якая прызнае пратэрмінаваныя беларускія пашпарты падставай для працягу і выдачы дазволу на жыхарства.

Прадстаўніца Дэмакратычнай амбасады Беларусі на Кіпры Алеся Пархоменка паведаміла, што міграцыйныя ўлады Кіпру ўхвалілі рашэньне, якое дазваляе выдаваць дазволы на жыхарства беларусам з пратэрмінаванымі пашпартамі, а таксама дзецям, што нарадзіліся на Кіпры ў беларускіх сем’ях і ня маюць магчымасьці атрымаць пашпарт.

«Раней такія заявы прымалі толькі ў дарослых, але (яны) заўсёды заставаліся ў статусе pending (разгляду. — РС). Цяпер пры выкананьні астатніх міграцыйных патрабаваньняў па іх змогуць прымаць рашэньні і выдаваць плястыкавыя карткі residence permit (дазвол на жыхарства. — РС)», — напісала Алеся Пархоменка на сваёй старонцы ў Facebook.

Паводле яе, для дзяцей такое рашэньне кіпрскіх уладаў азначае выхад з праўнага вакуўму.

«Дзеці, народжаныя на Кіпры ў дваіх беларускіх бацькоў, змогуць атрымаць законны статус на падставе кіпрскага пасьведчаньня аб нараджэньні — бяз пашпарту. Гэта адкрывае ім паўнавартасны доступ да мэдычных паслуг, дзіцячых садкоў, школаў і іншых базавых правоў і паслуг», — адзначыла Алеся Пархоменка.

Пакуль у афіцыйных крыніцах гэтае рашэньне не апублікавалі. Свабода зьвярнулася ў Дэпартамэнт міграцыі Кіпру з просьбай пацьвердзіць гэтую інфармацыю.

Прадстаўніца беларускай дыяспары на Кіпры таксама дадала, што дзейны дазвол на жыхарства істотна спрашчае працаўладкаваньне, карыстаньне банкаўскімі паслугамі, афармленьне страхоўкі, пытаньні, зьвязаныя зь нерухомасьцю, а таксама доступ да кіпрскай сыстэмы аховы здароўя GeSY і некаторыя візавыя пытаньні.

«Час жыхарства па картках, выдадзеных на падставе пратэрмінаванага пашпарту, цяпер таксама будзе залічвацца ў тэрмін жыхарства, неабходны для атрыманьня грамадзянства», — адзначыла Алеся Пархоменка.

Паводле яе, гэтае рашэньне стала вынікам пасьлядоўнай камунікацыі Дэмакратычнай амбасады Беларусі на Кіпры з прадстаўнікамі ўладаў і ўраду Кіпру.

«Структуры Офісу Ціханоўскай да гэтага працэсу аніякага дачыненьня ня мелі. Важную ролю ў гэтым працэсе таксама адыграў нядаўні даклад Омбудсмана Кіпру, падрыхтаваны пасьля нашага звароту па праблеме беларускіх дзяцей без пашпартоў. Пакуль застаюцца нявырашанымі пытаньні міжнародных паездак, выезду дзяцей без праязных дакумэнтаў і магчымасьці падачы на грамадзянства з пратэрмінаваным пашпартам», — дадала Алеся Пархоменка.

Што папярэднічала

4 верасьня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарту беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты. Гэта стварыла сур’ёзную праблему беларусам, якія ня могуць выехаць у Беларусь для абмену пратэрмінаваных дакумэнтаў, у тым ліку праз пагрозу палітычнага перасьледу.

У заяве экспэртаў ААН ад 20 верасьня 2023 году «пашпартны ўказ» Лукашэнкі названы часткаю «мэтанакіраванай палітыкі пакараньня беларусаў, якія зьехалі», уключаючы праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў апазыцыі, «за іх палітычную неляяльнасьць». Гэты ўказ, лічаць аўтары дакумэнту, становіць сабой прыклад «злоўжываньня мерамі бясьпекі» і «асабліва моцна» ўплывае на «тых, хто мусіў пакінуць Беларусь у сувязі з масавымі рэпрэсіямі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году».

18 чэрвеня 2023 году спэцыяльная спавяшчальніца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у сваім дакладзе рэкамэндавала дзяржавам і іншым суб’ектам міжнароднай супольнасьці «прыняць меры ў адпаведнасьці з унутраным заканадаўствам дзяржаваў — чальцоў ААН для ліквідацыі рызыкі масавай страты беларускімі грамадзянамі за мяжой пасьведчаньняў асобы і праязных дакумэнтаў».

Пасьля ўступленьня ў сілу ўказу Лукашэнкі № 278 некаторыя заходнія краіны спрасьцілі працэдуру легалізацыі на сваёй тэрыторыі для грамадзян Беларусі, якія ня могуць вярнуцца на радзіму праз пагрозу палітычнага перасьледу. Цяпер такіх краін 12, у тым ліку Гішпанія, Польшча і Літва, якія прызнаюць пратэрмінаваныя пашпарты законнай падставай для працягу дазволу на жыхарства.

Сьвятлана Ціханоўская, як і асобныя дыяспары, неаднаразова зьвяртала ўвагу ўладаў заходніх краін, у тым ліку дзяржаў Эўразьвязу, на неаходнасьць комплекснага вырашэньня легалізацыі беларусаў, якія засталіся без пашпартоў.

Пры агульных намаганьнях цяпер 12 краін, у тым ліку Гішпанія, Польшча і Літва, прызнаюць пратэрмінаваныя пашпарты законнай падставай для працягу дазволу на жыхарства.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG