Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень і журналіст Ігар Карней застаўся за мяжой без легальных дакумэнтаў

Частка экспазыцыі, прысьвечаная Ігару Карнею на выставе «Кошт нязгоды: дакумэнтальнае сьведчаньне наступстваў палітычных рэпрэсій у Беларусі». Вільня (Літва), 26 чэрвеня 2026
Частка экспазыцыі, прысьвечаная Ігару Карнею на выставе «Кошт нязгоды: дакумэнтальнае сьведчаньне наступстваў палітычных рэпрэсій у Беларусі». Вільня (Літва), 26 чэрвеня 2026

Колішні журналіст Радыё Свабода Ігар Карней, вызвалены паводле дамоўленасьцяў з ЗША 21 чэрвеня 2025 году, паведаміў, што застаўся ў Партугаліі без адзінага легальнага дакумэнту.

«Посткаляніяльны бомж: мінус — віза і пашпарт, плюс — замарожаны працэс „абароны“. Урэшце скончылася і апошняя паперка, якая надавала хоць нейкай легітымнасьці на гэтым сьвеце. Гэта я пра нацыянальную літоўскую візу, якую атрымаў неўзабаве пасьля чэрвеньскага выдварэньня-2025 — першай з больш-менш масавых зьдзелак у гандлі палітзэкамі», — напісаў Ігар Карней на сваёй старонцы ў Facebook.

Ігар адзначыў, што спачатку ня змог легалізавацца ў краіне на падставе ўзьяднаньня сям’і, бо патрабавалі даведку аб несудзімасьці, а потым ён вымушаны быў пачаць працэс на атрыманьне міжнароднай абароны. За гэты час стала вядома, што ўлады Беларусі анулявалі ягоны пашпарт.

Пасьля падачы дакумэнтаў на міжнародную абарону ямы выдалі даведку, дзейную два месяцы, але цяпер і яна скончылася, а новую атрымаць ня можа.

«У маім выпадку праблемка склалася тлустым шматслойным сандвічам. Часовая паперка два месяцы як несапраўдная, наконт пэрспэктыў ніякай уцямнай разьвязкі. На ўваходзе ў офіс АІМА (Міграцыйная служба, — РС) сустракае ахоўніца, у арсэнале якой адчаканеная англамоўная фраза для панаехалых — пішыце лісты (электронныя). Пры тым, што на мясцовым партале няма нават такой функцыі, а вышэйстаячы Лісабон у перапіску не ўступае. Застаецца толькі парадавацца за калег з пазьнейшых партый у Літве і Польшчы, якія свае пытаньні павырашалі непараўнальна апэратыўней», — патлумачыў ён.

Раней журналіст паведамляў, што Сьледчы камітэт Беларусі запрашаў яго зьявіцца ў менскае ўпраўленьне ведамства, каб атрымаць 1 беларускі рубель, а ў сакавіку выклікаў пазовам аддзел прымусовага пакараньня Фрунзенскага раёну Менску з нагоды налічанай яму запазычанасьці ў памеры 258,5 рубля.

Што папярэднічала

Ігара Карнея затрымалі ў Менску 17 ліпеня 2023 году. 22 сакавіка 2024 году Менскі гарадзкі суд прызнаў Ігара Карнея вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і пакараў 3 гадамі зьняволеньня і грашовым штрафам у памеры 20 тысяч рублёў. Рэпартэра пакаралі за супрацоўніцтва зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, якую ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем. Вярхоўны суд пакінуў прысуд бяз зьмены.

13 сьнежня 2024 году Ігара Карнея пакаралі яшчэ 10 месяцамі зьняволеньня. Новы суд адбыўся ў Шклове. Карнея абвінавацілі паводле 411 артыкулу КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).

Праваабаронцы прызналі Ігара Карнея палітзьняволеным. У чэрвені 2024 Ігара Карнея для адбыцьця пакараньня перавялі ў папраўчую калёнію № 17 у Шклове.

21 чэрвеня 2025 году ў выніку сустрэчы пасланьніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Ігара Карнея, выкладчыцу Натальлю Дуліну, актывіста анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханада, уладальніцу беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіну Красьнянскую, фігуранта справы «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыла Балахонава, бізнэсоўца Сяргея Шэлега.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG