Сьцісла
- Лукашэнка катэгарычна адмаўляе магчымасьць шырэйшага ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны.
- Ён прызнае, што Беларусь вельмі ўразьлівая перад Украінай.
- Кіраўнік Беларусі заклікае да кампрамісу і Расею, чаго раней не было.
- Лукашэнка расказаў, што запрошаны ў ЗША на саміт Рады міру, адзначыў, што перамоўны працэс з Вашынгтонам працягваецца.
«Беларусь у вайне не ўдзельнічае»
Найбольш цікавая частка інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу Саудаўскай Арабіі, якое выйшла ў эфір 15 чэрвеня, тычыцца 24 лютага 2022 году расейскія войскі напалі на Ўкраіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы беларускія лётнішчы, базы і дарогі. Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі ягонага рэжыму апраўдваюць вайну, прадстаўляючы Расеі інфраструктурную і матэрыяльную падтрымку. Беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы абслугоўваюць патрэбы расейскага абароннага комплексу.. Лукашэнка катэгарычна адмаўляў такую магчымасьць. Прычым, ягоная аргумэнтацыя была даволі своеасаблівая.
«Народ Беларусі не прымае войнаў. Мы ўжо нацярпеліся ў гісторыі. Мы разумеем, што загіне нямала нашых вайскоўцаў. Завошта? Навошта ім гінуць? Да таго ж існуюць і гуманітарныя прычыны, украінцы для нас як браты, столькі лёсаў пераплецена», — сказаў Лукашэнка.
Здавалася б, тут можна было б і спыніцца, бо гэта пытаньне прынцыпу, сэнсу, філязофіі беларускага народу, які адрынае вайну. Але не. Далей Лукашэнка прыводзіць аргумэнты практычныя, рацыянальныя, зводзіць праблему да пытаньняў мэтазгоднасьці. Ён спасылаецца на Пуціна, які нібыта сказаў, што ўступленьне Беларусі ў нейкай якасьці ў вайну прынясе «больш шкоды, чым карысьці». Зразумела, расейскі прэзыдэнт разважае пра карысьць для сваёй краіны, як ён гэта разумее. Але тут Лукашэнка міжволі атаясамлівае карысьць Расеі і Беларусі, успрымаючы іх як нешта агульнае. Гэта адбываецца проста на падсьвядомым узроўні.
Упершыню высокая афіцыйная асоба Расеі заявіла, што Беларусь — саюзьнік, але «ў вайне не ўдзельнічае»
Цікава, што міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску 15 траўня фактычна паўтарыў мэсыдж пра «няўдзел Беларусі ў вайне».
«Мы выдатна разумеем той падыход, які прэзыдэнт Лукашэнка выкладаў: Беларусь наш саюзьнік, але Беларусь у вайне не ўдзельнічае. Калі яе жадаюць туды ўцягнуць, на гэта Аляксандр Рыгоравіч таксама ўжо адказваў: „Мала ня здасца“», — сказаў Лаўроў у камэнтары журналістам.
Аказваецца, уцягнуць Беларусь у вайну імкнецца не Масква, а супрацьлеглы бок канфлікту. І ўвогуле, здаецца, упершыню высокая афіцыйная асоба Расеі заявіла, што Беларусь — саюзьнік, але «ў вайне не ўдзельнічае». Характэрна, што Лаўроў назваў поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны вайной, а не «спэцыяльнай вайсковай апэрацыяй», як гэта прынята ў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка выбачыўся перад Зяленскім і прызнаў «уразьлівасьць» Беларусі перад Украінай. У Кіеве адрэагаваліЗьмена рыторыкі
У першы час пасьля пачатку вайны Лукашэнка на ўзроўні рыторыкі пагражаў Украіне. Маўляў, як толькі будуць нейкія намёкі з поўдня пра пагрозы, то адказ Беларусі будзе зьнішчальны.
Гэта яскравае прызнаньне таго, што вайна можа ісьці не на карысьць агрэсараў
А вось цяпер, на пятым годзе вайны, Лукашэнка кажа зусім іншае: «Беларусь (мы гэта разумеем, таму ня хочам ваяваць) вельмі ўразьлівая ў вайсковым сэнсе, калі Украіна пачне атакаваць Беларусь гэтак жа, як яна атакуе Расею. Бо Беларусь ва ўкраінскіх вайскоўцаў як на далоні. Мы выдатна разумеем, што нашы асноўныя абʼекты жыцьцезабесьпячэньня — вытворчыя і лягістычныя — будуць пад ударам». Акрамя таго, заўважае Лукашэнка, «мы з расейцамі пры цяперашнім ходзе вайны ня зможам забясьпечыць абарону» беларуска-ўкраінскай мяжы.
Гэта яскравае прызнаньне таго, што вайна можа ісьці не на карысьць агрэсараў.
Аляксандар Лукашэнка падчас інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya. Фота: Прэс-служба Лукашэнкі
Заклік шукаць кампраміс
Больш за тое, Лукашэнка папрасіў прабачэньня ў прэзыдэнта Ўкраіны, назваў Зяленскага паважліва Ўладзімірам Аляксандравічам. Каб ён у кагосьці прасіў прабачэньня, мусіла б здарыцца нешта зусім незвычайнае. І гэтае незвычайнае, падобна, ёсьць псыхалягічная перамена ў ягоным успрыманьні вайны.
Цяпер Лукашэнка заклікае і Расею спыніць вайну
Раней усе развагі Лукашэнкі пра неабходнасьць спыніць вайну зводзіліся да заклікаў да Зяленскага капітуляваць. Маўляў, калі Захад хоча нанесьці паразу Расеі, то гэта нерэальна, перамагчы імпэрыю немагчыма. А вось цяпер кіраўнік Беларусі кажа іншае:
«Трэба ісьці на кампраміс. Калі мы хочам закончыць гэту вайну — адзін бок і другі. <…> Калі яны ўсьведамляюць з аднаго і з другога боку (ня толькі Пуцін, Зяленскі, але і эўрапейскія лідэры), што ўсё, тупік, далей нельга, далей будзе эскаляцыя і яшчэ горшая будзе сытуацыя».
То бок цяпер Лукашэнка заклікае і Расею спыніць вайну. Слова «кампраміс» прагучала ў гэтым інтэрвію чатыры разы.
Толькі ў адным сюжэце Лукашэнка моцна збочыў ад рэальнасьці і ўдарыўся ў ненавуковую фантастыку. Калі ў яго спыталі, як жа ён так памыліўся ў прагнозах на пачатку вайны, прадказваючы хуткую перамогу Расеі. І Лукашэнка быў вымушаны выкручвацца, апавядаць пра міралюбства Пуціна, які прыняў рашэньне адвесьці войскі ад Кіева, бо, маўляў, хацеў міру, паверыў Ізраілю і Ватыкану, а тыя (чаму менавіта яны?) падманулі. Насамрэч, добра вядома, што Расея напачатку вайны атрымала жорсткую ваенную паразу пад Кіевам і была вымушаная адступіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Уважліва слухаем, але не давяраем». Пасол для асаблівых даручэньняў МЗС Украіны пра заявы ЛукашэнкіПерамовы з ЗША працягваюцца
Таксама Лукашэнка расказаў, што запрошаны ў ЗША на саміт Рады міру, які павінен адбыцца восеньню. Фактычна прызнаў, што перамоўны працэс працягваецца, хоць і замарудзіўся.
«Мы з амэрыканцамі пачыналі гэтыя перамовы, мы гатовы з імі весьці гэтыя перамовы, але на роўных умовах. Намі камандаваць не атрымаецца», — сказаў ён.
Лукашэнка намякнуў, што гатовы ісьці на далейшае вызваленьне палітвязьняў у абмен на саступкі з боку ЗША, што ўгода павінная быць пакетнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці варта чакаць вызваленьняў палітвязьняў у чэрвені? Спыталі ў праваабаронцаў і Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗШАЯк Лукашэнка ня трапіў у рэзананс з аўдыторыяй Al Arabiya
Журналістаў тэлеканала Al Arabiya, які працуе на арабскамоўны сьвет, найперш цікавіў ваенны канфлікт на Блізкім Усходзе.
Раней Лукашэнка шмат разоў даводзіў, нібыта разбурэньне сусьветнага парадку, заснаванага на дамінаваньні Захаду, — гэта прагрэсіўны працэс. Маўляў, пераход ад аднапалярнай да шматпалярнай сыстэмы, падвышэньне ролі Глябальнага Поўдня ёсьць шляхам да больш справядлівага сьвету. Але што ж атрымалася ў выніку такой трансфармацыі? Лукашэнка вымушаны прызнаць: «Сьвет, на жаль, ня стаў больш бясьпечным». Дык гэта ж і ёсьць лягічны вынік перамен, да якіх ён сам жа і заклікаў.
Лукашэнка даволі нэгатыўна ацэньвае вайну Ізраілю і ЗША супраць Ірану, называе яе «фатальнай памылкай» Вашынгтону, якая вядзе да вынікаў, адваротных тым, на якія яны разьлічвалі.
Больш за тое, Лукашэнка апраўдвае пляны Ірану авалодаць ядзернай зброяй. Хоць і заўважае, што сам выступае за ядзернае разбраеньне. Але, разважае ён, калі Ізраіль мае такую зброю, то чаму яе ня можа мець Іран? Тут праглядваецца аргумэнт на карысьць рашэньня разьмясьціць расейскія тактычныя ядзерныя баезарады на тэрыторыі Беларусі.
У інтэрвію Лукашэнка цалкам апраўдвае іранскія ўдары ракетамі і дронамі па суседніх краінах, якія афіцыйна не ўдзельнічаюць у вайне, бо там, маўляў, разьмешчаны амэрыканскія базы: «Вайна ідзе. А як інакш? <…> Што тут ня так? Усё так».
Наўрад ці такая праіранская пазыцыя спадабаецца насельніцтву арабскіх краін Пэрсідзкай затокі, якія, дарэчы, знаходзяцца ў даўнім ідэалягічным і геапалітычным канфлікце з Тэгеранам. Тут Лукашэнка яўна ня трапіў у рэзананс з аўдыторыяй тэлеканалу Al Arabiya. Хоць ён і імкнуўся падгуляць аўдыторыі, нэгатыўна ацэньваў палітыку Ізраілю, дайшоў да рыторыкі, якая ставіць пад сумнеў маральнае значэньне памяці пра Галакост: «Які Галакост?! Які можа быць Галакост, пра які ізраільцяне казалі, калі яны забілі гэтулькі людзей, і першым чынам жанчын і дзяцей?»