Першая група беларускіх палітычных зьняволеных была вызваленая у выніку перамоваў паміж Лукашэнкам і прадстаўнікамі Вашынгтону 21 чэрвеня 2025 году. Тады вывезьлі ў Літву 14 беларусаў, сярод якіх былі Сяргей Ціханоўскі, Натальля Дуліна, Акіхіра Гаеўскі-Ханада й іншыя. Пасьля гэтага вызваленьні адбываліся раз на тры месяцы — у верасьні і сьнежні 2025 году, а таксама ў сакавіку 2026-га. Колькасьць вызваленых ў выніку візыту прадстаўніка Дональда Трампа Джона Коўла ў Менск расла. У апошнюю групу трапілі каля 200 чалавек, прычым большасьць іх змаглі застацца ў Беларусі. У беларускіх турмах і калёніях на той момант заставаліся каля 800 палітычных зьняволеных.
Пасьля гэтага амэрыканскі бок заявіў пра намер дамагчыся вызваленьня ўсіх беларускіх палітычных зьняволеных да канца 2026 году. Наступная іх група магла выйсьці на волю ўжо ў траўні падчас буйнога пратэстанцкага фэстывалю з удзелам сябра Джона Коўла, амэрыканскага прапаведніка Франкліна Грэма. Аднак у выніку Коўл не паехаў на фэстываль у Менск, а вызваленьняў не адбылося. Гэтаму папярэднічалі заявы ўладаў Літвы аб тым, што амэрыканскі бок пачаў аказваць ціск на краіну ў пытаньні дазволу транзыту празь Літву беларускага калію і што Літва ня мае намеру скасоўваць забарону.
«Няма чаго анансаваць»
У пачатку чэрвеня агенцтва Reuters апублікавала камэнтар Сьвятланы Ціханоўскай аб тым, што яна ведае прычыну затрымкі вызваленьня новай групы палітвязьняў. Сам Джон Коўл 10 чэрвеня на зададзенае ў сацыяльнай сетцы Х пытаньне журналіста Свабоды Дзьмітрыя Гурневіча, ці насамрэч працэс вызваленьня беларускіх палітвязьняў прыпынены, адказаў адмоўна. Пры гэтым ён ня стаў адказваць, ці зьбіраецца неўзабаве зноў наведаць Менск.
Паводле інфармацыі Свабоды, атрыманай ад некалькіх праваабарончых арганізацыяў, чаканага ў чэрвені візыту амэрыканскай дэлегацыі ў Менск для сустрэчы з Лукашэнкам ня будзе. Ранейшым хвалям вызваленьняў, як правіла, папярэднічала падрыхтоўка і кансультацыі, у якіх удзельнічалі ў тым ліку праваабаронцы. Цяпер гэтага няма.
Свабода папрасіла Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША пракамэнтаваць паведамленьне Reuters аб прыпыненьні працэсу вызваленьня палітвязьняў, а таксама задала пытаньне аб магчымасьці хуткага наступнага візыту Джона Коўла ў Менск. Прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту адказаў, што ведамству «на гэты момант няма чаго анансаваць».
Праваабаронца, былы палітвязень Уладзімер Лабковіч, які сам прабыў за кратамі больш за 4,5 году, перакананы, што перамовы аб вызваленьні беларускіх палітвязьняў працягваюцца. Пры гэтым Лабковіч шкадуе, што няма дакладнай інфармацыі пра тое, як хутка можна чакаць чарговай хвалі.
«Для нас вельмі важна, што вызваленьне адбудзецца, мы станоўча рэагуем на словы Коўла, які сказаў запасьціся цярплівасьцю і чакаць. Зразумела, што перамовы цяжкія. Патрабаваньні беларускага рэжыму могуць быць завялікія на цяперашнім узроўні супрацоўніцтва. Але самае галоўнае — каб людзі выходзілі, бо нават адзін лішні день за кратамі — гэта шмат. Мы вельмі перажываем за тых, хто знаходзіцца ў так званым гуманітарным сьпісе, іх жыцьцё пад вялікай пагрозай. Гэта і Вацлаў Арэшка, і шэраг жанчын за кратамі, і чацьвёра непаўналетніх. Былі ўжо затрымкі з вызваленьнем. І каляндар, калі мы чакаем, што кожныя пару месяцаў будуць вызваленьні, не працуе. Спадзяемся, што ўсё ж летам пабачым вялікую партыю людзей, якіх вызваляць», — выказвае надзею Лабковіч.
За кратамі застаюцца амаль 900 палітзьняволеных
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», з пачатку прэзыдэнцкай кампаніі — 2020 палітвязнямі былі прызнаныя 4655 чалавек. Частка зь іх цалкам адбыла тэрмін і выйшла з-за кратаў пасьля яго заканчэньня. Іншую частку вызвалілі у выніку перамоваў паміж Лукашэнкам і Коўлам. Былі таксама невялікія групы палітзьняволеных, якіх Лукашэнка памілаваў і вызваліў па-за межамі перамоваў з амэрыканцамі. Пры гэтым праваабаронцы кожны месяц прызнаюць палітвязьнямі наступныя некалькі дзясяткаў чалавек. Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца і праз амаль шэсьць гадоў пасьля пратэстаў 2020-га.
На 12 чэрвеня за кратамі застаюцца 869 палітычных зьняволеных. Сярод іх ня менш за 170 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць асабліва ўразьлівымі праз узрост, стан здароўя або цяжкія ўмовы ўтрыманьня. Такія зьвесткі падае Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле праваабарончай ініцыятывы «Дысыдэнты», палітзьняволенымі у Беларусі зараз зьяўляюцца 939 чалавек.
У папярэднія гады колькасьць палітвязьняў у Беларусі даходзіла да паўтары тысячы чалавек. Некалі ў наваполацкай папраўчай калёніі № 1, вядомай жорсткім абыходжаньнем з «палітычнымі», знаходзіліся 150 палітвязьняў, цяпер, паводле зьвестак «Вясны», іх там 58. У глыбоцкай ПК-13, дзе доўгі час трымалі Мікалая Статкевіча, зараз знаходзіцца адзін палітвязень. Віталь Мельнік быў асуджаны на 13 гадоў у справе «рэйкавых партызанаў».
Паводле праваабаронцаў, зараз сама больш палітзьняволеных у магілёўскай ПК-15: 91 чалавек. На другім месцы — гомельская ПК-4: там трымаюць 87 палітзьняволеных жанчын. На трэцім месцы — шклоўская ПК-17 з 66 «палітычнымі».
30–50 новых палітвязьняў у месяц
Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыя Рудзянкова ў размове з Свабодай кажа, што маштаб рэпрэсіяў у Беларусі застаецца на ранейшым узроўні — нягледзячы на тое, што цяпер палітвязьняў за кратамі прыкладна ўдвая менш, чым год таму.
«Зьніжэньне колькасьці новых прызнаньняў палітзьняволенымі не азначае памяншэньня маштабаў рэпрэсіяў. Праваабаронцам становіцца ўсё складаней атрымліваць інфармацыю, улады не дапускаюць яе ў публічны доступ і ўзмацняюць ціск на людзей, якія паведамляюць аб перасьледзе. І тым самым ствараюць „chilling effect“ (эфэкт замарожваньня, палярушу. — РС) для абароны людзьмі сваіх правоў — нават праз камунікацыю з праваабаронцамі. Гэта значыць, лічбы зьніжаюцца не таму, што рэпрэсіі спыняюцца, а таму, што інфармацыя перастае паступаць. За месяц 30–50 чалавек прызнаюць палітвязьнямі, то бок у сярэднім па адным-два чалавекі кожны дзень», — кажа Вікторыя.
Юрыстка «Вясны» таксама тлумачыць, што нягледзячы на завяршэньне тэрміну даўніны паводле некаторых «палітычных» артыкулаў Крымінальнага кодэксу, рэпрэсіі ня скончыліся, а проста зьмянілі форму.
«У тым ліку масава зьбіраюцца „яўкі з пакаяньнем“. Паводле закону, прызнаньне віны мусіць быць добраахвотным, але сілавікі прымушаюць падпісваць гэтую паперу, пагражаючы крымінальным перасьледам, катаваньнямі й іншым жорсткім абыходжаньнем. Зь юрыдычнага гледзішча прызнаньне віны бессэнсоўнае, бо сканчэньне тэрміну даўніны вызваляе чалавека ад адказнасьці ў кожным разе. Такі самаабгавор — гэта перадусім псыхалягічны ціск. Гэткі тэрор: „Мы цябе яшчэ знойдзем“. Таксама сілавікі могуць выкарыстоўваць падпісаную паперу супраць чалавека ў будучыні ці ўжо цяпер — для вядзеньня ўліку неляяльных. Дзеля якіх менавіта наступстваў масава зьбіраюць гэтыя „самапрызнаньні“, можна толькі разважаць», — кажа юрыстка.
Трэба быць вельмі ўважлівым, калі пішацца прызнаньне віны, папярэджвае яна. Неабходна сачыць, каб не пазначалі імёны іншых людзей ці дэталі, якія можна падвесьці пад іншыя крымінальныя артыкулы.
Таксама праваабаронцы ўсё часьцей даведваюцца пра факты рэпрэсіяў супраць тых родзічаў палітычных уцекачоў, якія застаюцца ў Беларусі.
«Гэта від транснацыянальных рэпрэсіяў, а таксама „калектыўная“ адказнасьць. Напрыклад, нам вядома пра мінімум 30 вобшукаў у блізкіх актывістаў Каардынацыйнай рады. Сюды ж адносіцца ціск на людзей, якія езьдзілі за мяжу. У іх дапытваюцца, якім чынам яны атрымалі візу. Вядома, гэта суправаджаецца моцным псыхалягічным ціскам, безь ніякіх папераў і гарантыяў павагі да правоў чалавека і чалавечай годнасьці», — апавядае юрыстка «Вясны».
Масавы перасьлед у «справе Гаюна» і працэсе супраць ЭГУ
У лютым 2026 году праваабаронцам былі вядомыя мінімум 163 прозьвішчы фігурантаў так званай «справы Гаюна». Вікторыя Рудзянкова гаворыць, што гэта толькі вяршыня айсбэргу.
«Напрыклад, паводле сьведчаньняў аднаго з асуджаных у гэтай справе, у прэамбуле да матэрыялаў яго крымінальнай справы выяўлена 2500 карыстальнікаў бота, а вызначаныя асобы 1500 карыстальнікаў. У справе Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту зараз таксама вельмі шмат рэпрэсіяў у выглядзе запалохваньняў, вобшукаў, ціску, прымусу да самаабгавору і наданьня доказаў супраць сябе, у тым ліку напісаньня „яўкі з пакаяньнем“», — кажа юрыстка «Вясны».
Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч прагназуе, што неўзабаве цалкам магчымае павелічэньне сьпісу палітвязьняў.
«Сытуацыя, якая зараз разгортваецца вакол студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў ЭГУ, сьведчыць, што ўзровень рэпрэсіяў не зьмяншаецца, а наадварот, узмацняецца. І гэта тое, што ставіць пад сумнеў, крыху дэвальвуе будучыя вызваленьні. Мы павінны як мінімум пабачыць, што рэжым пазбавіўся жорсткіх рэпрэсіўных практык завядзеньня новых крымінальных справаў, трыманьня людзей за кратамі. А гэтага няма. Я баюся, што мы апынемся ў небясьпецы — праз паўгоду-год зноўку будзем на тым жа самым узроўні перамоўнага працэсу з тысячай палітзьняволеных. Толькі гэта будзе новая тысяча, іншыя прозьвішчы палітвязьняў. Таму вельмі важна, каб ня толькі вызваляліся людзі, але каб не зьяўляліся новыя палітвязьні — бо тады гэта будзе замкнёнае кола», — мяркуе праваабаронца.
Форум