Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая палітзьняволеная Дуліна зарэгістравала ІП і вядзе онлайн-курсы італьянскай мовы

Былая палітзьняволеная Натальля Дуліна, травень 2026
Былая палітзьняволеная Натальля Дуліна, травень 2026

Натальля Дуліна змагла вырашыць і праблему многіх былых палітвязьняў сталага веку — вярнуць выплаты беларускай пэнсіі.

Былая палітзьняволеная Натальля Дуліна, якую ў чэрвені 2025 году вызвалілі з гомельскай жаночай калёніі і пад прымусам вывезьлі ў Літву, змагла вярнуцца да любімай працы выкладчыцы італьянскай мовы.

Дуліна паведаміла Свабодзе, што ўжо мае від на жыхарства ў Літве, легальна працуе, а таксама вывучае літоўскую мову.

«Па вызваленьні летась я нейкі час была ў разгубленасьці: заробку няма, пэнсіі няма, нават даведкі аб вызваленьні няма. Як жыць, незразумела. Але ўзяла сябе ў рукі і прыдумала, што буду рабіць — адкрыю сабе індывідуальную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Свабода ўжо ёсьць, веды ёсьць, трэба працаваць», — расказала Натальля.

Цяпер яна вядзе курсы італьянскай мовы для беларусаў. Іх арганізавала таварыства беларусаў у Італіі «Талака», якім кіруе Юлія Юхно. На курсы могуць запісацца і беларусы зь іншых краін, ня толькі зь Італіі. Запрашаюць усіх, заняткі ідуць он-лайн.

Сярод перамог, якімі можна ганарыцца, Натальля называе і тое, што ёй удалося дамагчыся выплаты яе беларускай пэнсіі.

«На радзіме мне прызначылі пэнсію паводле ўзросту, якую выплачвалі, нават пакуль я была ў зьняволеньні, але як вывезьлі мяне ў Літву, то выплаты спыніліся. Таму тут вырашыла дамагчыся, каб зноў пачалі выплачваць, але гэта аказалася няпроста. Напісала ліст у калёнію, у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, зьвярнулася ў гомельскі суд, у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) і пасьля некалькіх этапаў перапіскі пэнсію пачалі выплачваць сваякам паводле маёй генэральнай даверанасьці, нават вярнулі тое, што затрымалі», — расказала Натальля Дуліна.

Беларуская пэнсія Натальлі невялікая, у Літве гэтых грошай не хапіла б нават на жыльлё, прызналася яна.

«Але ўжо ня так крыўдна, бо ў мяне працоўны стаж больш за 40 гадоў, я дома прызнаная вэтэранам працы! Паступова зьяўляецца адчуваньне ўласнай незалежнасьці, і гэта дапамагае», — распавяла Дуліна.

Хто такая Натальля Дуліна

Натальля Дуліна выкладае італьянскую амаль 30 гадоў. Яна навучыла гэтай мове сотні чалавек. А ўрокі давала нават седзячы ў СІЗА — сваім суседкам, што цікавіліся італьянскай.

У 2020 годзе Натальля Дуліна працавала дацэнтам катэдры італьянскай мовы Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, які цяпер называецца Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт замежных моваў (БДУЗМ).

За ўдзелы ў пратэстах жанчыну чатыры разы каралі адміністрацыйнымі арыштамі, а ў кастрычніку 2022 году асудзілі на 3,5 года зьняволеньня.

Свой тэрмін Натальля Дуліна не дабыла ўсяго некалькі месяцаў — 21 чэрвеня былую выкладчыцу як памілаваную зь мяшком на галаве вывезьлі да літоўскай мяжы.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG