Калі пачаліся першыя вызваленьні знакавых беларускіх палітвязьняў, грамадзкасьць была ўражаная іх выглядам: людзі былі вельмі схуднелыя, страцілі шмат вагі. Чаму яны так выглядалі, хоць некаторых перад вызваленьнем нават адкормлівалі?
Правілы Нэльсана Мандэлы
Ёсьць такі тэрмін — харчовая дэпрывацыя. Гэта пазбаўленьне ежы, калі чалавечы арганізм не атрымлівае мінімальную колькасьць калёрыяў для нармальнага існаваньня.
Харчовая дэпрывацыя — форма катаваньня, бо ежа — гэта базавая патрэба чалавечага арганізму, і пазбаўленьне нармальнага харчаваньня ўспрымаецца як простая пагроза жыцьцю. Харчовая дэпрывацыя як форма катаваньня або вынік дрэнных умоваў утрыманьня ў турмах задакумэнтаваная ў многіх краінах сьвету: у Кітаі, ЗША, Туркмэністане, Судане, Расеі, Зымбабвэ, Мазамбіку, Габоне, Палестыне, Танзаніі ды іншых.
Існуюць мінімальныя стандарты Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у абыходжаньні са зьняволенымі — так званыя «Правілы Нэльсана Мандэлы».
Правіла 22 гучыць так: «Адміністрацыя месца ўтрыманьня пад вартай павінна забясьпечваць кожнаму зьняволенаму ежу, дастаткова пажыўную для падтрыманьня яго здароўя і сілаў, дастаткова добрай якасьці, ежа павінна быць добра прыгатаванай і адпаведна пададзенай».
Правіла 43 забараняе «скарачэньне рацыёну зьняволенага або пітной вады» ў якасьці фізычнага пакараньня за дысцыплінарныя правіны. То бок адміністрацыя калёніі ці турмы павінна забясьпечваць людзям нармальнае паўнавартаснае харчаваньне. Аднак, як вынікае нават з вонкавага выгляду беларусаў, якія выйшлі на волю, гэта ня так. Нават калі іх перад вызваленьнем спрабавалі «адкарміць».
Былы палітвязень Аляксандар Фядута пасьля вызваленьня расказаў журналістам, што за кратамі пахудзеў на 40 кіляграмаў. Сяргея Ціханоўскага на яго першай прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні было няпроста пазнаць. Па словах былога палітвязьня, яго актыўна кармілі на працягу некалькіх месяцаў перад вызваленьнем, але гэта не дапамагло вярнуцца да ранейшага выгляду.
Мы паразмаўлялі з былымі палітзьняволенымі пра харчаваньне ў беларускіх СІЗА, калёніях і турмах.
Мінус 20 кг за месяц
Юрыст праваабарончай арганізацыі «Вясна» Уладзімер Лабковіч правёў за кратамі чатыры з паловай гады. Прайшоў праз шмат вязьніцаў: менскія ІЧУ на Акрэсьціна, СІЗА № 1 («Валадарку»), шклоўскую папраўчую калёнію № 17, магілёўскую крытую турму № 4, сьледчую турму № 8 у Жодзіне, «амэрыканку» — СІЗА КДБ.
Самыя жорсткія ўмовы харчаваньня, на думку Лабковіча, былі ў магілёўскай крытай турме № 4 — без харчовых перадачаў, безь вітамінаў.
«Ты атрымліваеш толькі „палажняк“ — тое, што даюць у турме. Магілёўская турма адметная тым, што там порцыі ежы вельмі маленькія, ну проста мізэрныя. Мы называлі іх „каціныя місы“, у іх было варыва з кашы ды абрэзкаў кішак. Суп вельмі вадкі, там няма гародніны. І людзі пачынаюць траціць вагу, скура безь вітамінаў, сьвятла робіцца шэрай і скурчанай. У адзіночках і ШЫЗА вельмі халодна: арганізм пачынае змагацца за выжываньне. Я трапіў туды ў міжсэзоньне: ствараюцца штучныя скразьнякі, тэмпэратура ў камэры меншая за 10 градусаў. Тэрмабялізна тэарэтычна дазволеная, але яе нікому не аддаюць.
Я толькі за месяц пэрманэнтнага знаходжаньня ў ШЫЗА (пакараньне 10 дзён, потым пару дзён у камэры і далей зноў у ШЫЗА) страціў 20 кг», — апавядае Ўладзімер.
Да таго ж у магілёўскай турме яму не дазвалялі атрымліваць мэдычныя бандэролі — а ў палітвязьня шмат хранічных захворваньняў.
«Нам сказалі, каб мы цябе прывялі ў форму»
Натуральна, пасля працяглага зьняволеньня ў турме, ШЫЗА, ПКТ ён дайшоў да такога стану, што нават самыя супрацоўнікі турмы занепакоіліся, і палітвязьня пачалі адкормліваць.
«Дзесьці ў сярэдзіне жніўня 2025 году, калі я быў яшчэ ў 4-й турме Магілёва, да мяне прыйшоў лекар і кажа — літаральна, даслоўна:
„Лабковіч, нам здаецца, што ты кепска выглядаеш. Нам сказалі, каб мы цябе прывялі ў форму“. І я больш за 40 дзён атрымліваў дыетычнае харчаваньне: падвойныя порцыі ежы і нават масла. Тады я гэта ня зьвязваў з вызваленьнем, мне было дзіўна. Да такіх рэчаў ставіўся як да цудаў, як у дзяцінстве да „сьвятога Мікалая“. А ў кастрычніку мяне спэцканвоем з магілёўскай турмы прывезьлі ў СІЗА КДБ. Там ежа была добрая. Так, былі цяжкія побытавыя ўмовы, камэры перанаселеныя — але ежа нармальная!» — узгадвае Лабковіч.
Мінус 45 кіляграмаў
Павал Вінаградаў — палітвязень са стажам. Першы раз ён трапіў у турму яшчэ пасля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Потым яго шмат разоў прэвэнтыўна затрымлівалі перад рознымі імпрэзамі, сьвятамі, міжнароднымі спаборніцтвамі. Апошні раз Вінаградава затрымалі 22 сьнежня 2021 году, адседзеў ён амаль 4 гады.
Да пасадкі Павал важыў 125 кг. Калі выйшаў на волю 11 верасьня 2025 году — 80. У Паўла дыябэт, а ў калёніі выявілі яшчэ і сухоты. Вінаградаў з гумарам ставіцца і да сваіх хваробаў, і да страты вагі.
«Турма — найлепшае месца для пахудзеньня, калі няма перадачаў. Бо табе ежы даюць роўна столькі, каб ты не памёр з голаду. Па-другое, там рэжым, і ты ясі толькі тады, калі ежу даюць. Людзі таксама худнеюць ад нэрваў, ад стрэсу. Ну, а часам людзям шанцуе, як мне, — калі ў іх сухоты. І пры сухотах яны таксама страчваюць вагу», — кажа былы палітвязень.
На думку Паўла, да ежы ў калёніі пасуюць эпітэты «многа — мала», «гарачае — халоднае». Да таго ж ежа прэсная, бракуе солі, прыправаў, кажа суразмоўца.
«Мяне яшчэ зь дзяцінства бацькі і бабулі хвалілі за тое, што я непераборлівы: „Паша такі малайчына, ён есьць усё!“ Я дагэтуль „усяедны“. А голад — найлепшая прыправа. Бывалі моманты, калі чорны хлеб з вадой мне „залятаў“, як пірожнае. Па мне, дык часам кармілі нармальнымі стравамі, якія я еў дома. У горадзенскай турме была нармальная бульба з курыцай. У Ваўкавыску мне падабалася страва, якую назаву „бігасам“ (капуста, бульба і сьвініна). Добра кармілі ў папраўчай установе № 12 у Воршы, дзе зьняволеныя лечацца ад сухотаў. Адна з асноўных умоваў выздараўленьня — добрае харчаваньне. Дык там за паўгода я нават паправіўся на 5 кг. У прынцыпе я ўсю турэмную „кармёжку“ ахарактарызаваў бы як прымальную», — прызнаецца «непераборлівы ў ежы» Павал.
«Вожыкаў» і «магілу» ніхто ня еў»
Але былі стравы, да якіх і «ўсяедны» Павал не дакранаўся (як, дарэчы, і многія іншыя вязьні). Прычым у розных калёніях іх называюць аднолькава: «вожыкі» і «магіла».
«„Вожыкі“ — гэта рыбныя катлеты, там шмат касьцей, таму так і называюцца. Вось гэтага я ня еў ніколі. У жодзінскай турме я ня еў страву, якую называлі „магілай“ — там маленькія рыбкі, галовы, косьці ўперамешку з морквай — жах!
Аднак сытым я сябе ніколі не адчуваў, пачуцьцё голаду было пастаянна. Каб пасядзеў яшчэ 4 гады, выйшаў бы „кашчэем“. Аднак, маючы папярэднія запасы, я выйшаў з турмы стройным, а не худым, як Мікола Дзядок або Зьміцер Дашкевіч», — кажа Вінаградаў.
«Арганізм сам сябе пачынае зьядаць»
Журналіст Ігар Карней правёў за кратамі амаль 2 гады. Страціў 20 кіляграмаў: да зьняволеньня важыў 97, але пасьля адседкі — 77 кг. Сядзеў на «Валадарцы», у магілёўскім СІЗА, у шклоўскай ПК-17, у СІЗА КДБ («Амэрыканцы»), у мазырскай калёніі № 20 для рэцыдывістаў.
«У Мазыры я кантактаваў з работнікамі сталоўкі, яны расказвалі, што галоўнае патрабаваньне пры закупах на тэндэры — купляць для „зэкаў“ самае таннае. Бульбу з капцоў, кармавыя буракі, падгнілую капусту, якая вельмі хутка робіцца непрыгодная. Есьці яе можна толькі ўвосень, калі яна сьвежая, а пасьля Новага году яна ўжо бродзіць і сьмярдзіць. Зь вітамінамі вельмі кепска. У 2024 годзе я „прысеў“ у ПКТ на паўгода і ня бачыў ніводнага яблыка», — узгадвае Ігар.
У ПКТ і ШЫЗА вязьням даюць толькі так званы «палажняк», ніякіх харчовых перадачаў туды нельга слаць. Арганізм у такіх умовах змагаеццца з голадам і холадам і сам сябе пачынае зьядаць, кажа суразмоўца. Ігар Карней узгадаў, як у ПКТ, дзе дазволена чытаць, яму прыносілі ня тыя кнігі, што ён замаўляў, а тое, што засталося.
«Мне прынесьлі афігенную кніжку „Замерзлыя: 5 месяцаў у сьнягах Грэнляндыі“. Амэрыканскі журналіст Мітчэл Зукаф апавядае, як у Грэнляндыі падчас Другой усясьветнай вайны пацярпелі крушэньне тры самалёты, экіпажы якіх больш за 5 месяцаў выжывалі ў суровых умовах Арктыкі. І там апісваецца з мэдычнага гледзішча, як арганізм, каб не сканаць, мабілізуе ўнутраныя рэсурсы. Адбываецца такое „самапаяданьне“: спачатку тлушчы зьнікаюць, потым працэс перакідваецца на цягліцы, на ўсё астатняе. У ПКТ, ШЫЗА адбываецца тое самае: не хапае ежы, вітамінаў, плюс холад — і людзі становяцца як прывіды. Пахудзеньне нездаровае, гэта зьнясіленьне», — канстатуе Ігар.
Цукерка «Кароўка» на два дні
Калі зьняволеныя ў атрадзе, яны могуць купляць прадукты ў турэмнай краме, у межах так званай «атаваркі». Але палітычных вязьняў адразу робяць «злоснымі парушальнікамі» і мінімізуюць суму той «атаварку»: замест звычайных дзьвюх базавых велічыняў — 1 базавая (45 рублёў, або каля 13 эўра. — РС).
«Кава каштуе палову гэтай сумы. Каву, гарбату я „расьцягваў“ надоўга: зрабіў „мерную лыжку“ зь цюбіку ад зубной пасты, лічыў тыя лыжкі, каб хапіла на месяц. Сушкі, печыва, вафлі — па адной на дзень, каб хапіла на месяц. Перад ковідам я езьдзіў у камандзіроўку ў Нароўлю, дзе Андрэй Горват аднаўляў палац. А ў Нароўлі ж ёсьць кандытарская фабрыка, якая вырабляе зэфір, пастылу, цукеркі „Кароўка“. Дык тыя „Кароўкі“ нараўлянскія прадаваліся і ў турэмнай краме. І я дзяліў цукерачку на 2 дні. А што — зьесьці слодычы за адзін раз, а потым месяц сьлінку глытаць?» — узгадвае Карней.
Калі людзі выходзяць на волю, то нярэдка, убачыўшы вялікую колькасьць разнастайнай смачнай ежы, адразу пачынаюць «наганяць страчанае» і шмат есьці. Пасьля абмежаваньняў зьяўляецца натуральнае жаданьне «наесьціся ўволю». Доктарка-дыетоляг, якая назвалася Ганнай, на ўмовах ананімнасьці патлумачыла, што гэта цалкам зразумела і зь фізіялягічнага, і з псыхалягічнага боку.
«Арганізм памятае дэфіцыт ежы, таму імкнецца хутка кампэнсаваць страты і назапасіць на будучыню. Адсюль моцны апетыт. Бо пасьля доўгага недаяданьня павышаецца ўзровень грэліну (гармону голаду) і зьніжаецца ўзровень лептыну (гармону сытасьці). Таму чалавек можа есьці ўсё без разбору і не адчувае стану насычэньня. Сыгнал сытасьці часьцяком „даганяе“ цела праз 15–20 хвілін.
У большасьці з часам апетыт стабілізуецца, вага нармалізуецца. Але ёсьць людзі, якія ня могуць спыніцца. Ведаю аднаго чалавека, які і да адседкі любіў добра пад’есьці, меў лішнюю вагу, а ў калёніі страціў шмат кіляграмаў. Але за 3 месяцы пасьля вызваленьня ўжо набраў 20 кіляграмаў! Калі чалавек ня можа кантраляць сябе, трэба зьвярнуцца да адмыслоўцаў — псыхолягаў, дыетолягаў — і ня трэба гэтага саромецца», — кажа лекарка.
Доктарка таксама раіць усім, хто галадаў у зьняволеньні, навучыцца адрозьніваць голад ад напружаньня, пачуцьця трывогі.
«Ня трэба ставіць сабе жорсткія забароны, „браць сябе ў рукі“. Трэба навучыцца „дамаўляцца“ з сваім арганізмам. Даросламу чалавеку дастаткова трох рэгулярных прыёмаў ежы (сьняданак, абед, вячэра) і пары лёгкіх перакусаў. Есьці павольна, адклаўшы тэлефон ці кнігу (калі не кантралюеш сябе). Замест тлустага і салодкага лепш „падсесьці“ на садавіну. Адразу пакласьці ў талерку пэўную колькасьць перакусу, а ня ставіць перад сабой талерку зь пячэнькамі, цукеркамі. Трэба ўсьвядоміць, што цяпер усё будзе стабільна, ня будзе голаду і холаду», — запэўнівае доктарка.
Форум