«Мяркую, што да Лукашэнкі дайшлі тыя сыгналы, якія падавала Ўкраіна празь візыт Ціханоўскай, інтэрвію прэзыдэнта Зяленскага і міністра замежных справаў Сыбігі, што ўкраінскі бок занепакоены станам спраў у Беларусі і паглынаньнем яе Расеяй. Напэўна, Лукашэнка зразумеў, што пустая бравада, якую ён сабе дазволіў у дачыненьні да Ўкраіны, можа мець наступствы, таму ён умоўна „адступіў“, калі згадаў пра гэтыя інцыдэнты ў інтэрвію і папрасіў прабачэньня», — сказаў Яраслаў Чарнагор у камэнтары агенцтву «Укрінформ».
Дыплямат мяркуе, што да заяваў Лукашэнкі пра адсутнасьць намераў ажыцьцяўляць ваенныя дзеяньні супраць Украіны трэба ставіцца крытычна.
«Нам трэба мець на ўвазе, што самастойнасьць Беларусі вельмі абмежаваная расейскім уплывам. Магчыма, асабіста ў Лукашэнкі няма плянаў нападу на Ўкраіну. Але калі Пуцін скажа, то беларуская армія выканае гэтыя загады праз сваіх кіраўнікоў. Таму ўважліва слухаем, але абсалютна не давяраем яго словам», — дадаў ён.
Яраслаў Чарнагор адзначыў, што для рэжыму Лукашэнкі ўдзел у вайне супраць Украіны — «палітычнае або нават фізычнае самагубства», але гэта не азначае, што Беларусь ня ўступіць у вайну, калі такое рашэньне ўхваліць Расея.
У адказ на пытаньне, ці не ўзгадняў Лукашэнка з Расеяй гэтыя свае заявы, дыплямат сказаў:
«Я ня думаю, што Лукашэнка ўсе тэзісы сваіх інтэрвію ўзгадняе з Крамлём. Магчыма, у нейкія моманты ён шчыры ў сваім нежаданьні ваяваць, нават правільна назваў рызыкі, бо ў выпадку нейкага абвастрэньня вайна пяройдзе на тэрыторыю Беларусі і ён страціць, як мінімум, палову свайго эканамічнага патэнцыялу, а з улікам сучасных вайсковых тэхналёгіяў — дронаў, ракет, для паражэньня рэжыму Лукашэнкі ня трэба беспасярэдне ўводзіць войскі».
Яраслаў Чарнагор падкрэсьліў, што Ўкраіна ня мае намераў пачынаць вайну зь Беларусьсю, «але калі адтуль будзе пагроза, мы проста прыбяром яе дыстанцыйным шляхам».
«Я думаю, што Лукашэнка разумее гэтую небясьпеку для сябе, таму і вырашыў адмовіцца ад сваіх папярэдніх словаў і такім чынам троху „замірыцца“ з Украінай і зьнізіць градус напружаньня», — рэзюмаваў пасол для асаблівых даручэньняў МЗС Украіны.
Што папярэднічала
Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya English выбачыўся перад Уладзімірам Зяленскім.
«Можа быць, я недзе і перабраў, але гэта быў адказ на ягоныя недарэчныя заявы: „Ды ў нас 500 цэляў, ды мы ведаем, дзе Лукашэнка там знаходзіцца. Мы заўтра ўдарым ракетамі, бесьпілётнікамі“. Я маўчаў. Нават усе дзівіліся, што я маўчаў. Я разумеў: чалавек знаходзіцца пад такім ціскам, малады чалавек, недасьведчаны, ён невайсковы чалавек. Можа, нешта ў галаве не спрацавала. Я маўчаў. Але калі мне пачалі пагражаць, я мусіў адказаць.
Калі Ўладзімір Аляксандравіч пакрыўдзіўся, я прашу прабачэньня перад ім за гэтыя словы. Можа, і ня трэба было, улічваючы тое, што ён усё ж ваюе. Можа, мне і ня трэба было так рэзка казаць пра гэта».
Апроч таго, ён чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, што нікому гэта нявыгадна. Аднак пра гэта Лукашэнка казаў і раней, а ў выніку ў лютым 2022 году падтрымаў расейскую вайсковую агрэсію, і цяпер над тэрыторыяй Беларусі часта лятаюць расейскія дроны, якія атакуюць Украіну.
Форум