Па інтэрвію да Аляксандра Лукашэнкі зьвярнуўся тэлеканал Al Arabiya English. На відэа ў Лукашэнкі вельмі заўважна трасецца галава.
Сярод іншага, Лукашэнка адзначыў, што ў бакоў канфліктаў ані ва Ўкраіне, ані на Блізкім Усходзе «няма ваеннага рашэньня». Ён скрытыкаваў Ізраіль за «бамбардаваньні Газы», а пра ЗША ў канфлікце з Іранам заявіў, што амэрыканцы ня выканалі ніводнай пастаўленай задачы. Ваенныя атакі Трампа на Іран Лукашэнка назваў «фатальнай памылкай» і заявіў, што «гэтага нельга было рабіць».
Ён адпрэчыў думкі пра тое, што Ізраіль уцягнуў «такога слана», як ЗША ў вайну і падкрэсьліў, што «амэрыканцы хацелі» гэтай вайны.
Задавалі Лукашэнку і пытаньні пра вайну Расеі з Украінай. Ён расказаў, што абмяркоўваў тэму з Уладзімірам Пуціным.
«Мы шмат разоў гаварылі аб тым, што абсалютна недапушчальна, каб вайна Ўкраіны з Расеяй перакінулася на тэрыторыю Беларусі», — заявіў ён.
Лукашэнка працытаваў нібыта заяву Пуціна: «Мы разумеем, што ўступленьне Беларусі ў нейкай якасьці ў вайну, у канфлікт — непрымальна. Гэта больш будзе шкоды, чым карысьці», — працытаваў Лукашэнка нібыта заяву Пуціна.
Пры гэтым ён прызнаў, што Беларусь «вельмі ўразьлівая ў ваенных адносінах, калі Ўкраіна пачне атакаваць Беларусь гэтак жа, як яна атакуе Расею»:
«Бо Беларусь ва ўкраінскіх вайскоўцаў як на далоні. Мы выдатна разумеем, што нашы асноўныя аб’екты жыцьцезабесьпячэньня — вытворчыя і лягістычныя — апынуцца пад ударам. Як яны заявілі, у іх ужо 500 такіх мэт на тэрыторыі Беларусі намечана», — заявіў Лукашэнка.
Ён чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, што нікому гэта нявыгадна. Аднак пра гэта Лукашэнка казаў і раней, а ў выніку ў лютым 2022 году падтрымаў расейскую вайсковую агрэсію, і цяпер над тэрыторыяй Беларусі часта лятаюць расейскія дроны, атакуючы Ўкраіну.
Украінскія афіцыйныя асобы, уключна з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім і міністрам замежных спраў Андрэем Сыбігам, неаднаразова заклікалі ўкраінцаў і замежных палітыкаў ня слухаць, што гаворыць Лукашэнка, прыводзячы прыклады ягонай хлусьні, калі словы не адпавядалі сапраўдным дзеяньням ягонага рэжыму.
У гэтым інтэрвію Лукашэнка выбачыўся перад Зяленскім.
«Можа быць, я недзе і перабраў, але гэта быў адказ на ягоныя недарэчныя заявы: „Ды ў нас 500 цэляў, ды мы ведаем, дзе Лукашэнка там знаходзіцца. Мы заўтра ўдарым ракетамі, бесьпілётнікамі“. Я маўчаў. Нават усе дзівіліся, што я маўчаў. Я разумеў: чалавек знаходзіцца пад такім ціскам, малады чалавек, недасьведчаны, ён невайсковы чалавек. Можа, нешта ў галаве не спрацавала. Я маўчаў. Але калі мне пачалі пагражаць, я мусіў адказаць.
Калі Ўладзімір Аляксандравіч пакрыўдзіўся, я прашу прабачэньня перад ім за гэтыя словы. Можа, і ня трэба было, улічваючы тое, што ён усё ж ваюе. Можа, мне і ня трэба было так рэзка казаць пра гэта».
Наконт ваенных мэтаў Лукашэнка ўзяў больш шырока, сказаўшы, што Расея абавязкова перамагла б Украину, калі б палітыкі не папрасілі Пуціна адвесьці войскі ад Кіева і падпісаць замірэньне. Паводле яго, Пуціна «падманулі»: «Гэта быў Ватыкан. І, што дзіўна, габрэйскае лобі, ізраільцяне».
Ніякіх доказаў ці дадатковых аргумэнтаў сваім словам пра ізральскі ўплыў на Пуціна і ролю ў тым Ватыкану Лукашэнка ня даў. Ні пра якія падобныя перамовы нічога невядома.
Як адрэагавалі ў Кіеве
Пакуль невядомая асабістая рэакцыя Ўладзіміра Зяленскага на гэтыя выказваньні Аляксандра Лукшэнкі. 16 чэрвеня ён знаходзіцца зь візытам у Францыі, дзе бярэ ўдзел у пасяджэньні лідэраў краін групы G7.
Карэспандэнт ВВС News Украіна зьвярнуўся па камэнтар да прадстаўнікоў яго каманды.
«Прэзыдэнт Украіны паслухаў гэтыя выбачэньні», — каротка адказаў суразмоўнік выданьня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум