31 траўня карэспандэнт расейскага дзяржаўнага тэлеканалу «Россия 1» Павел Зарубін апублікаваў відэа з адказамі Аляксандра Лукашэнкі на ягоныя пытаньні ў час паседжаньня Эўразійскага эканамічнага савету ў Астане. Словы Лукашэнкі расшыфравалі журналісты «Люстэрка». Лукашэнка пракамэнтаваў візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Кіеў, а таксама адрэагаваў на словы вайсковага кіраўніцтва Ўкраіны пра тое, што яно мае каля «500 цэляў» на тэрыторыі Беларусі.
Раней камандзір Сіламі бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр» сказаў, што ўкраінцы маюць на прыкмеце паўтысячы беларускіх аб’ектаў, якія ў выпадку беларускага збройнага нападу на Ўкраіну імгненна могуць стаць баявымі цэлямі.
«У нас ёсьць адна цэль — вельмі сур’ёзная, з дакладнымі каардынатамі, і зусім недалёка ад Беларусі. Гэта ж яны таксама разумеюць», — сказаў Лукашэнка.
Словы прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага пра «дыпляматычнае ўзьдзеяньне» на Беларусь і іншыя, датычныя вайны, Лукашэнка назваў «балбатнёю» і адзначыў, што яны адрозьніваюцца ад словаў украінскіх вайскоўцаў.
«Вайскоўцы Ўкраіны ніякай вайны зь Беларусьсю не жадаюць. Гэта я ведаю дакладна. Бо яны разумеюць, што гэта 1500 кілямэтраў дадатковага фронту, межы. І няпростая мяжа Беларусі і Ўкраіны. Ім гэта трэба? Не».
Лукашэнка, як звычайна, значна перабольшыў лічбы. Насамрэч працягласьць мяжы паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае не 1500 км, а 1084 км. Гэта таксама нямала, але на траціну меней, чым сказаў Лукашэнка.
На думку Лукашэнкі, Зяленскага на такія заявы «падбіваюць» амэрыканцы, проста каб Украіна не маўчала, а выказвалася. І таму Зяленскі, як ён выказаўся, «плявузгае».
Пазьней у гэтым самым інтэрвію Лукашэнка ўжыў адносна Зяленскага словы «курнуў» і «кальнуў», падыгрываючы маскоўскай прапагандзе, якая даўно заяўляе, што Зяленскі — нарказалежны.
Гэта ня першая абраза Лукашэнкі ў бок Зяленскага. Ён даўно паблажліва выказваецца пра ўкраінскага прэзыдэнта. Але ў моманты патрэбы запрашае яго на перамовы і шукае кантакту, што пацьвердзілі словы ў траўні 2026 году пра гатовасьць сустрэцца зь Зяленскім. Лукашэнка нават дапусьціў свой прыезд ва Ўкраіну. Вось толькі ўкраінскі бок пасьля гэтага не запрасіў Лукашэнку ў Кіеў, затое туды неўзабаве прыехала Сьвятлана Ціханоўская.
Таксама Лукашэнка назваў «гарматным мясам» тых украінцаў, якія бароняць у гэты момант мяжу зь Беларусьсю.
«Ён (Броўдзі — заўв. Свабоды) мусіць разумець, што мы бачым, хто стаіць на мяжы з таго боку. Гэта ж людзі, злоўленыя на вуліцах, небаракі-ўкраінцы. І ваяры так званай тэрытарыяльнай абароны: учорашнія працоўныя, мэханізатары, калгасьнікі тамака і гэтак далей. Гэта што за ваяры? Гэта гарматнае мяса», — заявіў Лукашэнка.
Асаблівае раздражненьне Лукашэнкі выклікаў візыт Ціханоўскай і ейнага офісу ў Кіеў. Гэта вынікае з адказу палітыка, у якім ён пачаў даваць рэзкія эпітэты. Сам візыт ён назваў «нейкімі дзеяньнямі ціхушак-лахушак», сьвядома перакручваючы ў абразьлівым тоне прозьвішчы Сьвятланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі.
«Ніякая гэта не апазыцыя — гэта бандыты. І яны разьлічваюць, што там яны падрыхтуюць баевікоў зь ліку беларусаў, украінцаў, палякаў ці яшчэ літоўцаў, і яны рушаць і захопяць нейкі раённы цэнтар. Слухайце, не давядзі Божа, калі зь нейкай тэрыторыі будзе ажыцьцёўлена ваенная атака на тэрыторыю Беларусі. Вайна атрымае зусім іншую якасьць ва Ўкраіне. Ня буду канкрэтызаваць, самі разумееце, пра што я», — дадаў Лукашэнка.
Палітык рэгулярна зьмяняе свае словы пра ваенныя справы. Па-першае, Лукашэнка часта насуперак расейскай прапагандзе называе падзеі ўва Ўкраіне «вайною», а не «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй», як тое называюць у Маскве. Па-другое, ён не ўпершыню пагражае вайною Эўропе, намякаючы на ядзерную зброю хаўрусьнікаў-расейцаў. Па-трэцяе, у іншыя моманты Лукашэнка катэгарычна гаворыць, што Беларусь — мірная дзяржава і не жадае ніякай вайны. Па-чацьвёртае, Лукашэнка пасьлядоўна вінаваціць у баявых дзеяньнях NATO і кіраўніцтва Ўкраіны, якое нібыта «ня хоча дамаўляцца» з Крамлём.
Форум