У ноч на 27 траўня ад расейскіх атак пацярпеў Чарнігаў. Пад сталымі абстрэламі доўгі час застаецца поўдзень краіны — Запароская і Херсонская вобласьці.
Найбольш параненых — у Херсонскай вобласьці
Улады Чарнігава паведамілі, што ў абласным цэнтры ў выніку расейскага ўдару адбылося 15 выбухаў, пашкоджанае адно прамысловае прадпрыемства. Аб пацярпелых пакуль няма інфармацыі.
Адзін загінулы і 17 параненых — у Херсонскай вобласьці, ад абстрэлаў пацярпелі 25 населеных пунктаў рэгіёну. Расейскія войскі білі па крытычнай і сацыяльнай інфраструктуры, а таксама па жылых кварталах — пашкоджаньні атрымалі 5 шматпавярховых і 7 прыватных дамоў, пашкоджаныя газаправод і аўтамабілі.
У Запароскай вобласьці — 15 параненых. Расейскія войскі нанесьлі 18 авіяўдараў па 14 населеных пунктах вобласьці, улады атрымалі 89 паведамленьняў аб пашкоджаньні аб’ектаў інфраструктуры, жыльля, аўтамабіляў і гаспадарчых памяшканьняў.
Больш за 50 краін на Радзе бясьпекі ААН асудзілі пагрозы Крамля на адрас Украіны
Сталы прадстаўнік Украіны пры ААН Андрэй Мельнік на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН, скліканай на патрабаваньне Расеі, агучыў заяву больш за 50 дзяржаваў, якія асудзілі новыя пагрозы Крамля на адрас Украіны і замежных прадстаўніцтваў у Кіеве, паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода.
«Мы асуджаем нядаўнія пагрозы Расеі дыпляматычным установам і амбасадам у Кіеве. Гэта тое, з чым мы ня можам мірыцца», — адзначаецца ў заяве.
У супольнай заяве дзяржавы таксама асудзілі атаку расейскіх войскаў на Кіеў у ноч на 24 траўня з выкарыстаньнем ракет «Арэшнік».
«Мы рашуча асуджаем эскаляцыю атак з боку Расеі. Напады на цывільнае насельніцтва, цывільныя аб’екты і крытычна важную інфраструктуру Ўкраіны сур’ёзна парушаюць міжнароднае гуманітарнае права і павіны быць тэрмінова спыненыя», — гаворыцца ў заяве.
Расея 25 траўня заклікала ЗША эвакуаваць сваё дыпляматычнае прадстаўніцтва і папярэдзіла пра рыхтаваньне сыстэматычных удараў па Кіеве. Аналягічныя папярэджаньні атрымалі іншыя дзяржавы.
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заявіў, што ён «глыбока занепакоены» заявай Расеі.
«Зараз як ніколі важна ўнікаць любой эскаляцыі канфлікту, які ўжо нанёс велізарную шкоду мірнаму насельніцтву і рызыкуе яшчэ больш адцягнуць пошук міру», — сказаў ён.
Ва Ўкраіне вызначылі цэлі ў Беларусі, калі яна далучыцца да агрэсіі Расеі
Вайскавод сілаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны Робэрт Броўдзі заявіў, што на выпадак, калі Беларусь далучыцца да агрэсіі Расеі супраць Украіны, ужо вызначана 500 патэнцыйных цэляў для ўдару ў адказ.
«Першыя 500 цэляў ужо на алоўку. Бясплатная і вельмі практычная парада: ня лезь у вочы Ўкраіны», — заявіў Робэрт Броўдзі.
26 траўня дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч у Маскве на пасяджэньні камітэту сакратароў саветаў бясьпекі АДКБ абвінаваціў Украіну ў пастаянных запусках бесьпілётнікаў праз тэрыторыю Беларусі, але нічога не згадаў аб тым, як праз тэрыторыю Беларусі Расея запускае свае дроны для ўдараў па Ўкраіне.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум