Масква пагражае новымі паветранымі атакамі на ўкраінскую сталіцу. Афіцыйная старонка Міністэрства замежных спраў Расеі ў Х паведаміла, што Ўзброеныя сілы Расеі пачынаюць сыстэматычныя ўдары па прадпрыемствах украінскага вайскова-прамысловага комплексу ў Кіеве.
«Папярэджваем замежных грамадзян, у тым ліку супрацоўнікаў дыпляматычных місіяў і міжнародных арганізацыяў, аб неабходнасьці пакінуць горад» — заявілі ў расескім МЗС.
Міністэрства замежных спраў Расеі заяўляе, што расейскія войскі ўдараць «па канкрэтных месцах праектаваньня, вытворчасьці, праграмаваньня і падрыхтоўкі да выкарыстаньня бесьпілётных лятальных апаратаў».
Якраз 25 траўня больш за 70 кіраўнікоў і прадстаўнікоў замежных дыпляматычных місій наведалі месцы нядаўніх расейскіх удараў у Кіеве і ўшанавалі памяць загінулых падчас абстрэлаў.
Сярод гасьцей Кіева ў гэтыя дні і Сьвятлана Ціханоўская з апазыцыйнай беларускай дэлегацыяй. Яна наведала Сьцяну памяці ў Кіеве, дзе разам зь міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сыбігам ушанавала памяць палеглых, у тым ліку сваіх землякоў-беларусаў, якія сталі на абарону Ўкраіны.
У ноч на 24 траўня Ўкраіна зазнала масаванага паветранага нападу з боку Расеі. Паводле зьвестак Вайскова-паветраных сілаў Узброеных сілаў Украіны, Расея атакавала Ўкраіну з дапамогай 600 бесьпілётных лятальных апаратаў розных тыпаў і 90 ракет паветранага, марскога і наземнага базаваньня, асноўным напрамкам нападу быў Кіеў.
Агулам ва Ўкраіне загінулі чатыры чалавекі, каля ста атрымалі раненьні.
У Кіеве ў выніку нападу загінулі два чалавекі. Паводле апошніх зьвестак, 91 чалавек атрымаў раненьні.
Форум