Як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і віцэ-прэзыдэнт Дж. Д. Вэнс падпісалі пагадненьне віртуальна, паведамілі чыноўнікі, а сьпікер парлямэнту і галоўны перамоўнік Ірану Мухамад-Багер Галібаф падпісаў яго ад імя Тэгерану.
Чакаецца, што пагадненьне афіцыйна падпішуць 19 чэрвеня на цырымоніі ў Жэнэве (Швайцарыя).
Чыноўнікі заявілі, што поўны тэкст мэмарандуму апублікуюць цягам 24–48 гадзін пасьля падпісаньня, і падкрэсьлілі, што будзе забясьпечана «поўная празрыстасьць» і што «ніякіх сакрэтных пагадненьняў» заключаць ня будуць.
Рамкавае пагадненьне дае Вашынгтону і Тэгерану 60 дзён на перамовы аб канчатковым урэгуляваньні, у тым ліку ў пытаньні запасаў узбагачанага ўрану Ірану.
Напярэдадні і Трамп, і іранскія чыноўнікі пацьвердзілі, што дасягнулі пагадненьня аб тэксьце дамовы.
Паводле шматлікіх паведамленьняў, дакумэнт прадугледжвае адкрыцьцё Армускай пратокі і зьняцьце морскай блякады ЗША з Ірану. Ён таксама прадугледжвае працяг спыненьня агню на 60 дзён, падчас якога павінны адбыцца перамовы аб ядзернай праграме Ірану. 15 чэрвеня Трамп паўтарыў, што Іран ня будзе мець ядзернай зброі.
Высокапастаўлены службовец адміністрацыі ЗША, якога працытавала агенцтва Reuters, у сваю чаргу адзначыў, што, нягледзячы на публікацыі шэрагу мэдыя, ЗША пакуль не размарозілі іранскіх актываў і не пералічылі ніякіх сродкаў Ірану. Адначасова ён пацьвердзіў, што дакумэнт прадугледжвае «значнае паслабленьне» санкцыйнага рэжыму супраць Ірану, калі той выканае свае абавязаньні.
Таксама, паводле чыноўніка, у мэмарандуме няма абавязаньня вывесьці ізраільскія войскі з паўднёвага Лібану — такое раней адхілілі ізраільскія ўлады. Пры гэтым прадугледжана спыненьне агню ў Лібане.
ЗША і Ізраіль пачалі наносіць удары па Іране ў канцы лютага, актыўная фаза супрацьстаяньня з Іранам працягвалася да пачатку красавіка, але нават пасьля гэтага бакі часта абменьваліся ўдарамі, а Армуская пратока заставалася часткова закрытай для навігацыі. Перамовы вялі праз пасярэднікаў у апошнія два месяцы.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.
Форум