Прынамсі 40 чалавек, у тым ліку вайскоўцы і мірныя жыхары, загінулі ў выніку апэрацыі ЗША ў Вэнэсуэле. Пра гэта напісала The New York Times з спасылкай на высокапастаўленага вэнэсуэльскага службоўца, які размаўляў на ўмовах ананімнасьці.
Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ніводзін амэрыканскі вайсковец не загінуў, але ёсьць некалькі параненых.
У апэрацыі ўдзельнічалі 150 амэрыканскіх самалётаў для здушэньня сродкаў супрацьпаветранай абароны. Як піша NYT, уся апэрацыя заняла 2 гадзіны 20 хвілін. Паводле суразмоўцаў газэты, Мадура змаглі захапіць з дапамогай агента ЦРУ ва ўрадзе Вэнэсуэлы, які сачыў за прэзыдэнтам апошнімі днямі.
У суботу прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура разам з жонкай Сыліяй Флёрэс у выніку апэрацыі ЗША схапілі і зьняволілі ў Нью-Ёрку для выстаўленьня абвінавачаньняў у гандлі наркотыкамі.
Фэдэральны судзьдзя ў Нью-Ёрку апублікаваў абвінаваўчы акт, у якім Нікалясу Мадура, яго жонцы і яшчэ чатыром асобам выстаўленыя абвінавачаньні ў чатырох пунктах, уключаючы «наркатэрарызм» і змову з мэтай імпарту какаіну.
Празь некалькі гадзін пасьля апэрацыі Трамп заявіў, што ЗША будуць кіраваць Вэнэсуэлай, пакуль не адбудзецца ўпарадкаваная перадача ўлады. Ён не патлумачыў, як менавіта гэта будзе адбывацца.
Тым часам Найвышэйшы суд Вэнэсуэлы пастанавіў, што абавязкі прэзыдэнта павінна выконваць віцэ-прэзыдэнтка Дэльсі Радрыгес. Суд зазначыў, што яна павінна гарантаваць «пераемнасьць кіраваньня ўрадам» і «ўсебаковую абарону краіны».
Трэцяга студзеня Дональд Трамп, кажучы пра Радрыгес, адзначыў, што «яна ў істоце гатовая зрабіць тое, што мы ўважаем за патрэбнае, каб Вэнэсуэла стала вялікай зноў».
У той жа дзень Радрыгес апублікавала зварот, у якім назвала Нікаляса Мадуру «адзіным легітымным прэзыдэнтам краіны» і запатрабавала ад ЗША неадкладнага яго вызваленьня.