Маладыя і цяжкапараненыя. Украіна і Расея пачалі новы абмен палоннымі. Беларусаў сярод іх няма

Былы ўкраінскі палонны па вяртаньні на радзіму, 9 чэрвеня 2025 году

Расея і Ўкраіна 9 чэрвеня пачалі чарговы абмен ваеннапалоннымі, які, паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, зойме некалькі дзён. Дадому вяртаюцца параненыя і цяжкапараненыя салдаты, а таксама вайскоўцы, маладзейшыя за 25 гадоў.

Зяленскі адзначыў, што працэс даволі складаны, з мноствам «адчувальных дэталяў», а перамовы працягваюцца штодня. Ён выказаў надзею на поўнае выкананьне дамоўленасьцяў, дасягнутых 2 чэрвеня ў Стамбуле.

Каардынацыйны штаб Украіны паведаміў, што 9 чэрвеня дадому вяртаецца першая група вызваленых вайскоўцаў узростам да 25 гадоў.

Усе вызваленыя — салдаты ці сяржанты.

Сустрэча вызваленых украінскіх вайскоўцаў, 9 чэрвеня 2025 году

Сярод вайскоўцаў ёсьць абаронцы Марыюпалю, якія правялі ў палоне больш за тры гады.

Як стала вядома карэспандэнту Свабоды, гэтым разам беларусаў сярод вызваленых няма.

Зь меркаваньняў бясьпекі апэрацыі канчатковыя лічбы вызваленых абяцаюць паведаміць толькі пасьля завяршэньня абмену.

Міністэрства абароны Расеі таксама пацьвердзіла вызваленьне з украінскага палону першай групы расейскіх вайскоўцаў у веку да 25 гадоў.

Расейскія вайскоўцы цяпер у Беларусі. Пасьля першай мэдычнай і псыхалягічнай дапамогі іх даставяць у Расею для лекаваньня і рэабілітацыі.

Вызваленыя расейскія вайскоўцы сфатаграфаваліся на фоне гомельскага аўтобуса, 9 чэрвеня 2025 году

На наступны тыдзень заплянаваны пачатак абмену целамі загінулых вайскоўцаў паміж Украінай і Расеяй, паведаміў 8 чэрвеня кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў.

2 чэрвеня дэлегацыі Ўкраіны і РФ дамовіліся ў Стамбуле пра новыя абмены палоннымі. Былі вызначаны дзьве асноўныя катэгорыі для абмену:

  • усе цяжкапараненыя і цяжка хворыя;
  • маладыя салдаты ў веку ад 18 да 25 гадоў.

Тадысама дамовіліся пра вяртаньне 6 тысяч загінулых салдатаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мядзінскі сьцьвярджае, што Ўкраіна перанесла абмен палоннымі і целамі загінулых. Украінскі штаб назваў ягоныя словы «маніпуляцыямі»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядома яшчэ пра аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расеі і прапаў бязь вестак у баях на Луганшчыне