Украіна ў межах абмену з Расеяй перадала яшчэ аднаго палоннага беларуса. Раней аб ягоным палоне не паведамлялі

Расейскія палонныя на тэрыторыі Беларусі. Скрын зь відэазапісу Міністэрства абароны Расеі, 23 траўня 2025 году
Расейскія палонныя на тэрыторыі Беларусі. Скрын зь відэазапісу Міністэрства абароны Расеі, 23 траўня 2025 году

Украіна ў межах абмену палоннымі 23 траўня перадала Расеі грамадзяніна Беларусі Аляксея Чарнышова.

Як Свабодзе паведамілі ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», Аляксея Ўладзімеравіча Чарнышова захапілі ў палон нядаўна, але падрабязнасьцяў не ўдакладнілі.

Да вайны Аляксей Чарнышоў жыў у Наваполацку. Згодна зь інфармацыяй украінскага боку, ягоная жонка Алена жыве або зарэгістраваная ў Віцебску.

Імя Чарнышова было ў раней апублікаваных украінскім праектам сьпісах грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расеі. Вядома, што ён нарадзіўся 19 лютага 1969 году, але адсутнічаюць зьвесткі аб тым, калі і зь якой вайсковай часткай Узброеных сіл Расеі Аляксей Чарнышоў падпісаў кантракт, і ў якой зоне баявых дзеяньняў трапіў у палон.

19 траўня беларускага грамадзяніна ўключылі таксама ў базу ўкраінскага цэнтру «Міратворац», у якой з 2014 году зьбіраюць інфармацыю пра асобаў, датычных да злачынстваў супраць Украіны.

«Вайсковы злачынец, замежны найміт-тэрарыст. Замах на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Удзельнік расейска-беларускай агрэсіі супраць Украіны. Датычны да генацыду ўкраінскага народу шляхам вядзеньня баявых дзеяньняў супраць грамадзянскага насельніцтва, грамадзянскіх аб’ектаў і аб’ектаў інфраструктуры. Сьвядомае парушэньне дзяржаўнай мяжы Ўкраіны», — адзначаецца ў картачцы, заведзенай на Аляксея Чарнышова цэнтрам «Міратворац».

Згодна зь інфармацыяй кіраўніка выканаўчага дырэктара цэнтру «Міратворац» Рамана Зайцава (у мінулым супрацоўнік тэрытарыяльнага ўпраўленьня СБУ ў Луганскай вобласьці), цяпер у базе знаходзяцца 574 грамадзяніна Беларусі, якія ваююць або ваявалі на баку Расеі. Зь іх, паводле Рамана Зайцава, 170 беларусаў ужо загінулі.

У праекце «Хачу жыць» паведамілі, што ў палоне ва Ўкраіне знаходзіцца каля сотні грамадзян 27 краін, якія «з надзеяй чакаюць, што Расея іх абмяняе», але Расея не сьпяшаецца іх забіраць. У той жа час пакуль невядома, ці будуць яшчэ беларусы сярод палонных, якіх плянуюць перадаць 24 і 25 траўня.

За ўвесь час абменаў палоннымі Ўкраіна перадала Расеі шэсьць беларусаў, якія ваявалі на расейскім баку і былі захопленыя ў палон: у 2020 годзе перадалі Дзьмітрыя Новікава, у 2024-ым — Андрэя Герыловіча, Максіма Зязюльчыка і Максіма Запеку, у 2025-ым — Дзьмітра Ананчыка і Аляксея Чарнышова.

Цяпер ва ўкраінскім палоне застаюцца 8 грамадзян Беларусі:

  • Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
  • Сяргей Мірончык, нарадзіўся 22 ліпеня 1982 году, жыў у Санкт-Пецярбургу.
  • Сяргей Шустаў , нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
  • Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка ён трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
  • Яўген Камянькоў з Бабруйску нарадзіўся 17 сакавіка 1999 году. Падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», трапіў ва ўкраінскі палон вясной 2024-га. У Беларусі абвяшчалі яго вышук у ліпені 2022 году, пасьля таго, як ён разам з 13-гадовым падлеткам уцёк зь берасьцейскага Афанасьеўскага манастыра ў Расею.
  • Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
  • Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці. Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»..
  • Мікалай Жураўлёў нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны. Згодна з інфармацыяй беларускай ініцыятывы «Кібэрпартызаны», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАЎС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвесткі пра заключэньне шлюбу па стане на 2021 год у дакумэнтах адсутнічаюць. Мае сярэднеспэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТУ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на «Смаленскім рынку» у Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўнай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. З 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 года, няма.

Сваякі яшчэ двух грамадзян Беларусі, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі, заявілі аб іхным зьнікненьні бязь вестак. Гэта Яўген Ільін і Андрэй Кулага. Яшчэ адзін беларус — Ігар Хасанаў, якога шукалі сваякі, пазьней знайшоўся з раненьнем у адным з шпіталяў у акупаванай частцы Луганскай вобласьці.

У перамовах Расеі і Ўкраіны аб абменах палоннымі ўдзельнічаюць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Касьцевіч і афіцэр КДБ, колішні супрацоўнік амбасады Беларусі ва Ўкраіне Валер Сьцепановіч.

Пасьля пачатку ўкраінскімі войскамі курскай апэрацыі абмен палоннымі перанесьлі на тэрыторыю Беларусі.

23 траўня адбыўся парытэтны абмен 270 вайскоўцамі і 120 грамадзянскімі асобамі, якія знаходзіліся ў палоне Расеі і Ўкраіны.

​
XS
SM
MD
LG