Памочнік прэзыдэнта Расеі Ўладзімір Мядзінскі сьцьвярджае, што расейскі бок перадаў Украіне першы сьпіс з 640 ваеннапалонных у катэгорыях «параненыя», «цяжкахворыя» і «моладзь» для пачатку абмену. Пацьверджаньня гэтай заявы з украінскага боку няма.
Мядзінскі таксама кажа, што ўкраінскі бок нечакана адклаў «як прыём целаў, так і абмен ваеннапалоннымі на нявызначаны тэрмін».
Каардынацыйны штаб па пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Ўкраіны 6 чэрвеня паведаміў, што заявы расейскага боку аб нібыта пачатку вяртаньня целаў або мер па рэпатрыяцыі па выніках дамоўленасьцей у Стамбуле не адпавядаюць рэчаіснасьці. У заяве штаба, апублікаванай у тэлеграме, адзначалася, што вядзецца падрыхтоўка да абмену цяжкахворымі, цяжкапараненымі, моладзьдзю, а таксама вяртаньня целаў загінулых абаронцаў.
Украінскі бок назваў тое, што адбываецца, «маніпуляцыямі і спробамі выкарыстоўваць адчувальныя гуманітарныя тэмы ў інфармацыйных мэтах» і заклікаў Расею «вярнуцца да канструктыўнай працы».
Учора старшыня камісіі па пытаньнях сувэрэнітэту Расеі Ўладзімір Рогаў напісаў, што Масква зьбіралася перадаць Кіеву 503 целы загінуўшых, але Ўкраіна «адмовілася» прымаць целы без тлумачэньня прычын. Z-блогеры абвінавацілі ўкраінскі бок у зрыве дамоўленасьцей.
2 чэрвеня ў Стамбуле дэлегацыі Ўкраіны і Расеі дамовіліся аб новых абменах палоннымі. Як паведаміў міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў, ёсьць дамоўленасьць засяродзіцца на канкрэтных катэгорыях, а не на лічбах: па абмене «усіх на ўсіх» цяжкапараненымі і цяжкахворымі ваеннапалоннымі, другая катэгорыя — гэта маладыя салдаты ва ўзросьце ад 18 да 25 гадоў. Таксама была дамоўленасьць аб вяртаньні 6000 целаў загінулых салдат.
Абмен палоннымі найчасьцей адбываецца на мяжы Беларусі і Ўкраіны.
Форум