Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея спрабуе выкарыстоўваць захопленых замежных добраахвотнікаў для ціску на свае краіны. Паводле яго слоў, Расея таксама адмаўляецца абменьваць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Ўкраіны.
Пра гэта кіраўнік украінскай дзяржавы сказаў у час размовы з журналістамі, паведамляе карэспандэнт Укрінформу.
«Расейцы ня хочуць аддаваць нам грамадзянаў іншых краінаў для абмену. Бо яны хочуць паўплываць на адносіны паміж Расеяй і краінамі, зь якіх гэтыя хлопцы прыехалі. А свае пытаньні яны вырашаюць самі — тое, што ім трэба. Часам ім патрэбен ціск, часам ім патрэбен абмен на сваіх спэцагентаў, якія знаходзяцца ў турмах у іншых краінах. Таму вы ніколі не пачуеце, што мы абменьваем кагосьці з Лацінскай Амэрыкі, напрыклад. Бо яны ня хочуць абменьваць ніякіх іншых грамадзян», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго слоў, сытуацыя зь беларусамі таксама складаная.
«Яны ня хочуць абменьваць грамадзян Беларусі, што цікава, каб аддаць нам грамадзян Беларусі, якія былі на нашым баку. Ці нават, напрыклад, беларускіх палітвязьняў. Гаворка нават не пра вайну. Яны ня хочуць прызнаваць, што беларусы на баку Ўкраіны», — адзначыў Зяленскі.
Ён падкрэсьліў, што ў яго ёсьць сьпіс журналістаў, палітвязьняў, проста сьпіс замежнікаў, які ён перадае партнэрам «з розных краінаў, у прыватнасьці, з Лацінскай Амэрыкі».
«З расейцамі вельмі цяжка працаваць. Нават у час абмену яны паводзяць сябе несумленна. Але мы паспрабуем у кожным выпадку. Калі мы гаворым, напрыклад, пра мадэль „усіх на ўсіх“. І я спадзяюся, што гэта адбудзецца пасьля спыненьня агню. А „ўсіх на ўсіх“ азначае вяртаньне ўсіх палонных», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.
16 траўня ў Стамбуле адбыліся перамовы паміж украінскай, турэцкай і расейскай дэлегацыямі. Ключавой дамоўленасьцю гэтых перамоваў стала дамоўленасьць аб абмене палоннымі ў фармаце «1000 на 1000». У выніку гэтых пагадненьняў у пэрыяд з 23 па 25 траўня ва Ўкраіну вярнуліся 880 вайскоўцаў і 120 мірных жыхароў.
Форум