Абмен палоннымі Расеі і Ўкраіны ў канцы 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Раней сваякі пачалі шукаць яшчэ двух беларусаў, якія зьніклі ў баях на тэрыторыі Ўкраіны.
У баях пад Белагораўкай Луганскай вобласьці сёлета ў студзені-лютым прапаў бязь вестак дваццацігадовы Раман Карпенка, які ваяваў на баку Расеі.
Як паведамілі Свабодзе ў праекце «НЕ ЖДИ меня из Украины», Рамана Карпенку пачала шукаць ягоная цётка Сьвятлана. Яна і зьвярнулася па дапамогу.
Вядома, што Раман Пятровіч Карпенка нарадзіўся 22 сакавіка 2005 году, жыў у Бялынічах, ваяваў пад пазыўным «Большой». Служыў на падставе кантракту ў 7-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгадзе (вайсковая частка 40321).
«Адзінае вядома, што 28 студзеня ён пайшоў, а 4 лютага нам сказалі, што ён прапаў бязь вестак. Больш ніякай інфармацыі ня ведаем», — сказала праекту Сьвятлана Аляксееўна, цётка Рамана.
7-я асобная гвардзейская мотастралковая брыгада (вайсковая частка 40321) да поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны належала да так званай «народнай міліцыі ЛНР». Пасьля далучэньня ў сьнежні 2022 году да Сухапутных войскаў Расеі ў брыгадзе стварылі 4-ы стралковы батальён і батальён «Шторм». Вядома, што атрады «Шторм» фармуюць з расейскіх вайскоўцаў, якія адмовіліся выконваць загад, злоўжываюць алькаголем, а таксама з зьняволеных, якія адбываюць пакараньні ў турмах і калёніях.
Паводле расейскага выданьня «Важные истории», вайскоўцам з атрадаў «Шторм», завэрбаваным у калёніях, выдаюць асабістыя жэтоны сэрыі «АБ». Зьніклы бязь вестак беларус меў жэтон АБ-197027.
Раней бязь вестак прапалі грамадзяне Беларусі — Яўген Ільін, Андрэй Кулага і Міхаіл Шалгун, якіх пачалі шукаць сваякі. Апошні пазьней знайшоўся ва ўкраінскім палоне. Яшчэ адзін беларус — Ігар Хасанаў, якога таксама шукалі сваякі, апынуўся з раненьнем у адным з шпіталяў у акупаванай частцы Луганскай вобласьці.
У канцы красавіка дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», якім займаецца Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, абнародаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
Тады ж стала вядома аб 9 палонных беларусах, трох зь якіх Украіна перадала Расеі на тэрыторыі Беларусі ў межах абмену. Цяпер ва ўкраінскім палоне застаюцца яшчэ 7 грамадзян Беларусі.
Фармальна Беларусь не зьўяляецца ўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сіл на тэрыторыі Ўкраіны няма.
У той жа час улады Беларусі падтрымалі ваеннае ўварваньне Расеі 24 лютага 2022 году і дазволілі скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору краіны для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
З 2014 году, калі пачаўся ўзброены канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай, які на першым этапе закончыўся анэксіяй Крыму і частак Данецкай і Луганскай вобласьцяў, грамадзяне Беларусі ваявалі як на баку прарасейскіх сілаў, гэтак і ў складзе ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў.
З 2022 году пабольшала беларусаў, якія ваявалі ў расейскіх прыватных вайсковых кампаніях («Вагнэр», «Рэдут», «Ястраб»), а з 2023 году — у шэрагах Узброеных сілаў Расеі. Ёсьць факты, калі грамадзяне Беларусі падпісвалі кантракты з расейскай арміяй адразу пасьля службы ў беларускім войску або маючы праблемы з законам — іх затрымлівалі ў Расеі на запыт уладаў Беларусі або за парушэньне правілаў знаходжаньня на расейскай тэрыторыі. Некаторыя з тых, хто падпісаў кантракт і ваююць супраць Украіны, суджаныя некалькі разоў.
Сілавыя органы Беларусі не перасьледуюць тых, хто ваюе на баку Расеі, але, наадварот, абвяшчаюць міждзяржаўны вышук тых, хто абараняе тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, у тым ліку ўжо загінулых.
Форум