Прэм’ер-міністар Польшчы заявіў аб перакідваньні звыш 100 «вагнэраўцаў» да Сувалкскага калідору

Матэвуш Маравецкі

Улады суседняй зь Беларусьсю дзяржавы папярэджваюць свой народ пра магчымыя правакацыі на мяжы.

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што звыш 100 наймітаў расейскай ПВК «Вагнэр» перакінулі ў раён Сувалкскага калідору. Пра гэта палітык сказаў падчас візыту ў Глівіцы.

Ён упэўнены ў тым, што за гэтай перадысьлякацыяй можа пасьледаваць чарговая гібрыдная атака на польскую тэрыторыю. Маравецкі ўспомніў, што рэжым Лукашэнкі ў Беларусі ўжо два гады правакуе Польшчу, выкарыстоўваючы мяжу і мігрантаў на ёй, прыводзіць ягоныя словы агенцыя PAP.

«Цяпер сытуацыя яшчэ больш пагрозьлівая. Маем інфармацыю, што звыш 100 тысяч наймітаў „Вагнэру“ перасунулася ў бок Сувалкскага калідору, непадалёк Горадні ў Беларусі».

Маравецкі лічыць, што, імаверна, «вагнэраўцы» пераапрануцца ў форму беларускіх памежнікаў і будуць дапамагаць мігрантам нелегальна трапляць на тэрыторыю Эўразьвязу.

Ён таксама дапускае, што самі «вагнэраўцы» могуць пачаць удаваць мігрантаў, каб штурмаваць мяжу. І гэта «стварае дадатковыя рызыкі» для Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польшча павялічыць войска амаль у два разы праз наймітаў ПВК «Вагнэр», якія разьмясьціліся ў Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Польшчы і Літвы дапускаюць поўную ізаляцыю Беларусі ў выпадку «сур’ёзай правакацыі» з боку вагнэраўцаў