Дырэктар ЦРУ: Пуцін да гэтага часу ня вырашыў, што рабіць з Прыгожыным

Уільям Бэрнс

Расейскі кіраўнік яшчэ вагаецца, ня ведаючы, як пакараць кіраўніка мяцежнай ПВК «Вагнэр».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і празь месяц пасьля мяцяжу ПВК «Вагнэр» ня вырашыў, што зрабіць з заснавальнікам кампаніі Яўгеніем Прыгожыным. Пра гэта на форуме аб бясьпецы ў Інстытуце Аспэна расказаў дырэктар Цэнтральнага выведвальнага ўпраўленьня (ЦРУ) ЗША Ўільям Бэрнс.

Па словах Бэрнса, ПВК «Вагнэр» мае важнае значэньне для Крамля, у тым ліку з прычыны прысутнасьці расейскіх наймітаў у Афрыцы і на Блізкім Усходзе.

Дырэктар ЦРУ мяркуе, што Пуцін, будучы помсьлівым, зараз спрабуе «аддзяліць» Прыгожына ад ПВК, а потым плянуе зьвесьці зь ім рахункі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінская выведка пра вагнэраўцаў у Беларусі: «Яны едуць бяз зброі»

Бэрнс таксама адзначыў, што Злучаныя Штаты ведалі аб мяцяжы ПВК «Вагнэр» загадзя. Рашэньне Прыгожына пачаць бунт было чаканым на фоне яго крытыкі кіраўніка Міністэрства абароны Расеі Сяргея Шайгу і начальніка Генэральнага штабу Валерыя Герасімава.

Кіраўнік Расгвардыі Віктар Золатаў пасьля бунту ПВК «Вагнэр» абвінаваціў у датычнасьці да арганізацыі мяцяжу заходнія спэцслужбы. Пры гэтым, паводле Золатава, расейскія ўлады ведалі аб плянах Прыгожына загадзя. Аднак Вашынгтон заяўляў, што ня мае дачыненьня да яго арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Незадаволенасьць у Расеі вайной адкрывае для ЦРУ новыя магчымасьці», – дырэктар ЦРУ