Гітанас Наўседа: Літве давядзецца вярнуцца да пытаньня пра аднолькавыя абмежаваньні для беларусаў і расейцаў

Гітанас Наўседа

Неўзабаве Літве давядзецца зноў абмяркоўваць магчымасьць увядзеньня аднолькавых абмежавальных мер для беларусаў і расейцаў, выказаўся ў інтэрвію тэлеканалу LNK прэзыдэнт балтыйскай дзяржавы.

Неабходнасьць гэтага Гітанас Наўседа аргумэнтаваў патэнцыйным зьяўленьнем на беларускай тэрыторыі наймітаў расейскай ПВК «Вагнэр».

«Бліжэйшым часам давядзецца вярнуцца да гэтага пытаньня, бо каля нашых межаў могуць зьявіцца ўзброеныя людзі зь беларускім грамадзянствам, пад вопраткай якіх будуць хавацца тыя самыя вагнэраўцы, — цытуе палітыка партал навін Delfi. — Я не палохаю, проста прапаную вельмі добра падумаць, у якой сытуацыі мы цяпер знаходзімся. Гэтыя хлопцы пэўна не адчуваюць згрызотаў сумленьня, і ў адпаведных руках яны могуць быць выкарыстаныя для якіх-небудзь зламысных мэтаў».

Увесну літоўскі Сейм прыняў пакет нацыянальных санкцый, якія зрабілі больш строгім парадак уезду і знаходжаньня на тэрыторыю краіны, а таксама абмежавалі правы, пераважна расейскіх грамадзян. У выніку ажыўленых дыскусій беларусы пазьбеглі большасьці абмежавальных захадаў.

Наўседа наклаў на закон вэта, дамагаючыся аднолькавых абмежаваньняў для грамадзян Беларусі і Расеі, але парлямэнт адхіліў яго прапановы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літва спыніла выдачу нацыянальных візаў у Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ПВК «Вагнэр» заявіла, што часова прыпыняе набор у сувязі зь пераездам у Беларусь