Кіраўнік Беларусі падчас свайго выступу 30 чэрвеня, прымеркаванага да Дня Незалежнасьці, закрануў тэму прыбыцьця ў Беларусь наймітаў ПВК «Вагнера».
Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што да тэмы наймітаў ён вяртаецца, каб супакоіць людзей: «Каб вы не перажывалі і не хваляваліся».
«Цяпер (не зь Беларусі) раздзьмулі і разьдзімаюць гэтую праблему ПВК „Вагнера“... Ды супакойцеся. Калі б можна было іх запрасіць сюды (за іх кошт), гэта для нашага войска добра. Гэта самыя падрыхтаваныя людзі. Кажуць: „Там вязьні“. Паслухайце, усе вайскоўцы, якія там былі асуджаныя, яны ўжо загінулі, на жаль. І яшчэ адзін нюанс, які яны ня хочуць тлумачыць: асуджаныя вызваляліся зь месцаў пазбаўленьня волі ў Расеі толькі для расейскага фронту. Ніводны чалавек за мяжу не выяжджае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пад Асіповічамі будуюць найбуйнейшы ў Беларусі намётавы лягер на 15 тысяч чалавек. Ці для «Вагнэра»? Спадарожнікавыя здымкіТаксама Лукашэнка заявіў, што яго папярэджвалі аб тым, што разьмяшчэньне ў Беларусі «вагнераўцаў» — гэта «дрэнная рэч, дрэнны сыгнал». Вал званкоў Лукашэнку паступіў «ад тых, хто нас не прызнае», але да парад ён не прыслухаўся і сваё рашэньне абгрунтаваў прынцыпам: «калі вы ня ведаеце што рабіць у той ці іншай сытуацыі, а вашы ворагі гвалтам крычаць — рабіце ўсё наадварот». «Калі яны крычаць, што ядзерная зброя гэта дрэнна — рабіце наадварот».
Паводле Лукашэнкі, «беларускія вайскоўцы былі б ня супраць, каб „вагнераўцы“ падзяліліся зь імі сваім досьведам».
«На жаль, у нас іх няма. А калі іх хлопцы-інструктары, як я казаў ужо ім, прыедуць і перададуць баявы вопыт нам, мы прымем гэты вопыт... Я не зббіраюся ваяваць. Але я амаль 30 гадоў рыхтуюся да гэтай вайны, таму мы жывем у мірны час. Вось такі несьвяточны мэсэдж. На ўсялякі выпадак. Каб вы не перажывалі і не хваляваліся».
Таксама сёньня Лукашэнка заявіў. што Беларусь мае намер прапанаваць суседнім краінам «плян добрасуседзтва і міру».
«Мы чарговы раз працягваем вам руку міралюбнасьці не таму, што спалохаліся вашых „палкоў“ і „харугваў“. Мэты іх нікчэмныя, пляны вар’яцкія».
Разам з тым, ён заклікаў Захад «не выпрабоўваць славянскае цярпеньне і свой лёс», бо «калі дзяржаўнасьць, незалежнасьць, тэрытарыяльная цэласнасьць, бясьпека нашых народаў апынуцца пад рэальнай пагрозай, мы, нават не разважаючы, адкажам адэкватна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка пагражае атакай на цэнтры прыняцьця рашэньняў краінаў Захаду
«Цяпер стала модна казаць пра цэнтры прыняцьця рашэньняў. Дык вось, каардынаты гэтых цэнтраў нам да мілімэтра вядомыя. І пазаўчора яны дакладна і ясна вызначаныя і зацьверджаныя мною на вайсковых мапах», — сьцьвярджаў Лукашэнка.
«Ці ўсьведамляюць заходнія палітыкі, што яны ўласнымі рукамі кладуць галаву Эўропы на ядзерную гільяціну? Яны сурʼёзна думаюць, што абыдуцца малой ахвярай — Вільняй і Эўропай?» — пытаўся Лукашэнка.