New York Times: генэрал Суравікін ведаў аб плянах Прыгожына

Сяргей Суравікін

Расейскі генэрал Сяргей Суравікін ведаў аб плянах кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына кінуць выклік расейскаму вышэйшаму ваеннаму камандаваньню, сьцьвярджае газэта The New York Times са спасылкай на амэрыканскіх афіцыйных асоб, азнаёмленых з амэрыканскімі выведдадзенымі.

Паводле інфармацыі газэты, з наяўных зьвестак незразумела, ці дапамог Суравікін сплянаваць марш-кідок наймітаў Прыгожына, падчас якога яны ўзялі пад свой кантроль Растоў-на-Доне, дзе знаходзіцца штаб Паўднёвай вайсковай акругі і запатрабавалі зрушэньня міністра абароны Сяргея Шайгу і начальніка Генэральнага штаба Валерыя Герасімава.

Амэрыканскія афіцыйныя асобы таксама паведамілі аб прыкметах таго, што некалькі іншых расейскіх генэралаў маглі падтрымаць спробу сілавой зьмены вайсковага кіраўніцтва краіны.

Цяперашнія і былыя афіцыйныя асобы ЗША заявілі, што Прыгожын не падняў бы мяцеж, калі б ня верыў, што іншыя асобы, якія знаходзяцца ва ўладзе, прыйдуць яму на дапамогу, сьцьвярджае выданьне.

Уладзімір Пуцін, паводле крыніц The New York Times, павінен вырашыць ці верыць ён у тое, што Суравікіну былі вядомыя пляны Прыгожына, і вызначыцца, як на гэта рэагаваць. Афіцыйныя амэрыканскія прадстаўнікі мяркуюць, што магчымы альянс паміж уплывовым Суравікіным і Прыгожыным тлумачыць гатоўнасьць Пуціна даць кіраўніку ПВК «Вагнэр» магчымасьць адступленьня, піша газэта.

Разам з тым, The New York Times падкрэсьлівае, што амэрыканскія афіцыйныя асобы зацікаўлены ў падрыве пазыцый Суравікіна, якога лічаць адным з кампэтэнтных расейскіх генэралаў.

  • З кастрычніка 2022 года да студзеня 2023 Суравікін быў камандуючым расейскай групоўкай войскаў, кіроўных баявыя дзеяньні ва Ўкраіне.
  • Сёлета ў студзені на гэтую пасаду быў прызначаны Валерый Герасімаў, а Суравікін стаў яго намесьнікам.
  • У пятніцу 23 чэрвеня 2023 Сяргей Суравікін зьвярнуўся зь відэазваротам да байцоў ПВК «Вагнэр» з заклікам спыніцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

NATO і Пэнтагон пракамэнтавалі прыезд Прыгожына ў Беларусь і магчымае разьмяшчэньне байцоў ПВК «Вагнэр»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць кампаній, зьвязаных з ПВК «Вагнэр»