Кястуціс Будрыс, старшы дарадца прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, заявіў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі будзе несьці адказнасьць за любыя дзеяньні групы наймітаў «Вагнэр» у Беларусі, якія прывядуць да абвастрэньня напружанасьці ў рэгіёне.
«Такога пакуль няма, падкрэсьліваю, у Беларусі, але калі гэта адбудзецца, мы абавязкова будзем гатовыя. І адразу фіксую пасыл — мы непазьбежна, будзе гэта падкантрольна ці не, зь ведама некага ці не, мы будзем наўпрост зьвязваць з рэжымам у Беларусі любыя дзеяньні, бо яны далі або зьбіраюцца даць прытулак такому злачынцу і элемэнтам ваенных злачынцаў», — сказаў Кястуціс Будрыс у эфіры радыё Ziniu radijas, паведаміла выданьне lrt.lt.
Паводле яго, Літва будзе вымушана аддаваць больш увагі ахове сваёй дзяржаўнай мяжы.
«Маючы яго [Прыгожына] на мяжы, нам давядзецца аддаваць больш увагі як мяжы, так і таму, што адбываецца ў Беларусі, і паслаць вельмі дакладны сыгнал, дзе мяжа нашай цярпімасьці. Яна будзе нулявая», — дадаў дарадца літоўскага прэзыдэнта.
Кястуціс Будрыс мяркуе, што сілы Прыгожына небясьпечныя таму, што могуць дзейнічаць у «шэрай зоне» пры правядзеньні дывэрсійна-прарыўных апэрацый, што вагнэраўцы ўжо ня раз паказвалі ў Афрыцы і Сырыі.
«Зразумела, што такі некіраваны элемэнт — чыньнік рызыкі, і нам давядзецца сапраўды адаптавацца, і дакладна не рэжыму Лукашэнкі справіцца з тым, што ў яго пад бокам», — мяркуе Кястуціс Будрыс, старшы дарадца прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.
Прадстаўнікі літоўскіх праваахоўных органаў паведамілі, што пры павелічэньні рызыкі для бясьпекі краіны будзе абноўлены плян рэагаваньня, які прадугледжвае аўтаматычнае далучэньне службаў Міністэрства ўнутраных спраў да аховы мяжы зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка заявіў, што падчас мяцяжу «Вагнэра» гатовы быў паслаць у Расею беларускае войска