Пяскоў заявіў, што Прыгожын «сыдзе ў Беларусь»; найміты ПВК пакідаюць Растоў-на-Доне

Найміты ў Растове-на-Доне

Найміты ПВК «Вагнэр», якія ў ноч на суботу занялі будынак штаба Паўднёвай ваеннай акругі ў Растове-на-Доне і прылеглую тэрыторыю, вечарам 24 чэрвеня пачалі пакідаць горад. Аб гэтым паведамляюць карэспандэнты СМІ зь месца падзей.

Паведамляецца, што прысутныя ў цэнтры горада жыхары вітаюць наймітаў захопленымі крыкамі. Зьехаў і танк Т-90, які раніцай у суботу затрымаўся ў варотах мясцовага цырка.

Найміты пачалі пакідаць Растоў пасьля таго, як іх кіраўнік Яўгеній Прыгожын аб’явіў аб завяршэньні так званага «маршу справядлівасьці» і сыходзе ў палявыя лягеры. Ён не паведаміў падрабязнасьці дамоўленасьці, якая, мяркуючы па ўсім, была заключана з уладамі. Афіцыйна расейскія ўлады пра яе таксама не паведамлялі, пра яе наяўнасьць заявіла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Тэлеграм-каналы са спасылкай на крыніцы, блізкія да Крамля, пішуць пра тое, што крымінальная справа па абвінавачаньні ў мяцяжы, якая была ўзбуджаная супраць Прыгожына, можа быць закрытая.

Крымінальная справа ў дачыненні да Прыгожына будзе спынена, ён «сыдзе ў Беларусь», заявіў прэсавы сакратар Пуціна Пяскоў, паведамляе Медуза.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі дадаў, што яму невядома, чым Прыгожын будзе займацца пасьля гэтага.

Улады Расеі не будуць перасьледваць тых байцоў ПВК, якія прынялі ўдзел у мяцяжы, улічваючы іх франтавыя заслугі, дадаў Пяскоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Разварот калёнаў» Прыгожына; перамовы з Лукашэнкам. Кроніка ўзброенага «мяцяжу» ў Расеі 24 чэрвеня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прыгожын заявіў аб вяртаньні ПВК «Вагнэр» у «палявыя лягеры», прэс-служба Лукашэнкі выставіла гэта яго заслугай