Паводле Ціханоўскай, у Расеі «адбываецца хаос, які ўсё больш робіцца падобны да грамадзянскай вайны».
«ПВК пад кантролем Яўгенія Прыгожына кінула выклік афіцыйнай уладзе Расеі з прычыны незадаволенасьці тым, што Расея прайграе вайну супраць Украіны, — канстатавала палітык. — У ФСБ ужо завялі крымінальную справу на Прыгожына, а ў навінах мы бачым, што „вагнэраўцы“ занялі Растоў і Варонеж. Расейская дыктатура разьвязала вайну супраць Украіны, а зараз прынесла яе ў свой уласны дом. Гэты досьвед павінен запомніць кожны, хто жадае пачаць або падтрымаць агрэсіўную вайну: вайна паглынае ўсё вакол сябе».
Ціханоўская заявіла, што Пуцін і Аляксандр Лукашэнка «спрабуюць уцягнуць у вайну і нашу Беларусь», прыкрываючыся так званай «саюзнай дзяржавай».
«Яны кажуць: Расея — ваш саюзьнік. Але гэты саюзьнік нясе хаос, вайну, крызіс. Пуцін можа паспрабаваць уцягнуць беларускіх вайскоўцаў у свой унутраны канфлікт, каб ён стаў і нашым канфліктам таксама. Я хачу заклікаць беларускіх дыпляматаў, вайскоўцаў і сілавікоў памятаць, што ў нас, беларусаў, свае нацыянальныя інтарэсы. Ні Пуцін, ні Прыгожын — не сябры Беларусі, і вы не павінны выбіраць іхны бок», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Разварот калёнаў» Прыгожына; перамовы з Лукашэнкам. Кроніка ўзброенага «мяцяжу» ў Расеі 24 чэрвеняДэмакратычная лідэрка падкрэсьліла, што беларусы «павінны абараняць сваю краіну». «Як гэтая сытуацыя паўплывае на Беларусь, залежыць толькі ад нас з вамі. Галоўная задача ўсіх беларусаў зараз — захаваць бясьпеку і сувэрэнітэт у Беларусі. Выратаваць нашу краіну ад таго, у што ператварылася Расея. Мы павінны быць гатовыя да кожнага сцэнара», — сказала палітык.
Зьвяртаючыся да беларускага войска, Ціханоўская заявіла, што нельга «разьлічваць на лёс» і спадзявацца, што «Расея пакіне Беларусь у спакоі». На яе думку, цяпер «найлепшы шанец выгнаць расейскіх вайскоўцаў з нашай краіны», бо «калі гэты шанц будзе змарнаваны, Расея зробіць з намі гэтак жа, як учыніла з Украінай».
«Расея не змагла ўцягнуць беларусаў у ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне, — адзначыла яна. — Мы не павінны дазволіць, каб Беларусь была ўцягнутая ў ваенныя дзеяньні ў Расеі, і самае галоўнае, мы не павінны дапусьціць ваенных дзеяньняў Расеі ў нас дома, у Беларусі. Беларусь павінна закрыць мяжу з Расеяй і пачаць вывад расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі».