Праект Oryx пачаў падлік стратаў тэхнікі ПВК «Вагнэр» і расейскіх вайскоўцаў падчас мяцяжу ў Расеі

Сілы ПВК «Вагнэр» у Растове. 24 чэрвеня 2023 г.

Пры падліку дасьледнікі праекту Oryx арыентаваліся на фота- і відэасьведчаньні стратаў абодвух бакоў, якія публікуюцца ў сеціве.

«Сьпіс уключае толькі захопленыя і зьнішчаныя транспартныя сродкі і абсталяваньне, пра якія ёсьць фота- і відэаматэрыялы. Такім чынам, колькасьць захопленай і зьнішчанай тэхнікі, падобна, значна большая, чым тут зафіксавана», — адзначаюць у праекце Oryx.

Таксама дасьледнікі адначаюць, што ў сьпіс не ўваходзяць самалёты і гелікоптэры, захопленыя ПВК «Вагнэр» на поўначы Растова-на-Доне, а таксама цывільная тэхніка і састарэлае абсталяваньне.

Паводле падлікаў Oryx, расейскія вайскоўцы страцілі самалёт Іл-22, два верталёты для радыёэлектроннай барацьбы, адзін верталёт Мі-35, баявую машыну «Тыгр-М» і вайсковы грузавік КамАЗ. Авіяцыю, паводле зьвестак праекту, зьнішчылі, а машыны захапілі сілы ПВК «Вагнэр».

Прыватная вайсковая кампанія «Вагнэр», паводле зьвестак праекту, страціла адзін аўтамабіль УАЗ.

Радыё Свабода пакуль ня можа праверыць дакладнасьць гэтай інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Разварот калёнаў» Прыгожына; перамовы з Лукашэнкам. Кроніка ўзброенага «мяцяжу» ў Расеі 24 чэрвеня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейская смута, якая можа зачапіць і Лукашэнку. Некалькі высноваў зь мяцяжу Прыгожына