Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык, сярод іншага, заявіў: «Альбо мы выкарыстоўваем гэты гістарычны шанец і станем эўрапейскай краінай, альбо назва Рэспублікі Беларусь застанецца толькі ў кніжках».
«Мы ня ведаем дакладна, што будзе заўтра. Магчыма, Прыгожын пераможа, змабілізуе палову насельніцтва Расеі і закідае Ўкраіну гарматным мясам. А можа, разумеючы, што ва Ўкраіне ён ня мае шанцаў, паверне свае сілы на Беларусь, каб на гэтай хвалі набраць палітычныя пункты.
Мы ведаем іншае: што прарасейскі шлях, па якім краіну вёў Лукашэнка ўсе гэтыя гады, завёў нас у тупік. Мы з вамі стаім зараз на дарозе, перад намі апушчаны шлягбаўм і знак „тупік“. І мы мусім вырашаць, што рабіць далей, і вырашаць хутка. Таму што або мы выкарыстоўваем гэты гістарычны шанец і станем пасьпяховай эўрапейскай краінай, або мы страцім усё, і сама назва Рэспублікі Беларусь застанецца толькі ў кніжках.
Я хачу зьвярнуцца ў першую чаргу да беларускіх вайскоўцаў: нам няма на каго разьлічваць, але мы з вамі, аб’яднаўшыся, дакладна з гэтым справімся. Мы адна з найлепшых нацыяў сьвету. У нас будзе час пазадаваць адно аднаму пытаньні і выказаць прэтэнзіі. Зараз уратуем Радзіму, усё іншае потым».
Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі ў бліжэйшы час правядзе тэрміновае паседжаньне з нагоды надзвычайнай сытуацыі ў Расеі, паведамілі ў прэс-службе Кабінэту.