Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што ў Санкт-Пецярбургу пасьля нефармальнага саміту СНД у яго адбылася сустрэча сам-насам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, піша БелТА.
«У сувязі з абвастрэньнем на заходніх межах саюзнай дзяржавы мы дамовіліся аб разгортваньні рэгіянальнай групоўкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Гэта ўсё па нашых дакумэнтах. Калі ўзровень пагрозы дасягае цяперашняга ўзроўню, як зараз, мы пачынаем задзейнічаць групоўку саюзнай дзяржавы.
Аснова этай групоўкі — армія, Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. Павінен вас інфармаваць, што фармаваньне гэтай групоўкі пачалося. Яно ідзе ўжо, па-мойму, на працягу двух дзён. Аддадзена было маё распараджэньне, каб мы прыступілі да фармаваньня гэтай групоўкі».
Аляксандар Лукашэнка таксама адзначыў, што Расеі зараз не да гэтага канфлікту.
«Яшчэ не хапала другога канфлікту. Вы ведаеце, што ў іх хапае праблем. Таму вы не разьлічвайце на вялікую колькасьць Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі. Але гэта будзе не адна тысяча чалавек. І будзьце гатовыя бліжэйшым часам прыняць гэтых людзей і разьмясьціць там, дзе трэба, па нашым плане. Безь перабору, без нагнятаньня сытуацыі і абстаноўкі», — даручыў Лукашэнка міністру абароны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Савеце бясьпекі расказалі, як Беларусь удзельнічае ў вайне супраць Ўкраіны, «выконваючы некаторыя функцыі»Лукашэнка зноў пачаў гаварыць аб імаверным нападзе Ўкраіны.
«Нам трэба вызначыць, што яшчэ трэба зрабіць для ўмацаваньня бясьпекі нашай дзяржавы. З улікам становішча, якое хутка зьмяняецца. Учора ўжо па неафіцыйных каналах нас папярэдзілі аб нанясеньні ўдару па Беларусі з тэрыторыі Ўкраіны».
Раней Лукашэнка ўжо заяўляў пра «чатыры пазыцыі», зь якіх Украіна нібыта рыхтавалася ажыцьцявіць напад на тэрыторыю Беларусі. Гэтым Лукашэнка апраўдваў палёты расейскіх ракет зь беларускай тэрыторыі на пачатку паўнамаштабнай вайны.
«„Мы зробім так, што гэта будзе Крымскі мост – 2“. Мой адказ быў просты: давядзіце прэзыдэнту Ўкраіны і іншым вар’ятам, што Крымскі мост ім здасца кветачкамі, калі яны дакрануцца сваімі бруднымі рукамі хоць да аднаго мэтра нашай тэрыторыі», — цытуе Лукашэнку тэлеграм-канал ягонай прэс-службы «Пул первого».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіраўнік памежнага камітэту Лапо: Украіна ўзарвала практычна ўсе масты на мяжы зь БеларусьсюУвечары 8 кастрычніка амбасадара Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма запрасілі ў МЗС Беларусі, каб уручыць яму дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна плянуе напад на тэрыторыю Беларусі.
Украінскае МЗС адрэагавала на такія заявы. Там падкрэсьлілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці і назвалі дзеяньні Менску «чарговымі інсінуацыямі рэжыму».
«Мы не выключаем, што ўручэньне дыпляматычнай ноты можа быць часткай пляну РФ па правакацыі і далейшым абвінавачаньні Ўкраіны.
Мы заклікаем беларускі народ не паддавацца на правакацыі. Украіна ніколі не замахвалася на чужыя тэрыторыі. Мы строга прытрымліваемся фундамэнтальных нормаў і прынцыпаў міжнароднага права і Статуту ААН».
Таксама ў Кіеве заклікаюць рэжым Лукашэнкі «перастаць выконваць капрызы Крамля і неадкладна спыніць падтрымку Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украінская выведка: Прыватныя вайсковыя кампаніі РФ вэрбуюць у Беларусі наймітаўЗгодна з першай главой Вайсковай дактрыны Саюзнай дзяржавы (прынятай 4 лістапада 2021 году), «рэгіянальная групоўка войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі (далей — РГВ.) — разьмешчаныя ў мірны час або разгорнутыя ў пэрыяд нарастаньня ваеннай пагрозы (пэрыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі) у рэгіёне для адбіцьця магчымай агрэсіі органы кіравання і войскі (сілы) Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Ўзброеных Сіл Расейскай Фэдэрацыі, а таксама іншыя вайсковыя фармаваньні бакоў, прымяненьне якіх заплянавана па адзінай задуме і пляне».
РГВ — пэўная аб’яднаная частка войскаў Расеі і Беларусі, што дзейнічае па сумесным пляне, калі небясьпека пагражае абедзьвюм краінам. Яе існаваньне магчымае і ў мірны час. Фармулёўка задзейнічаньня групоўкі гучыць так:
«Адбіцьцё нападу, нанясеньне паразы агрэсару і стварэньне перадумоў для спыненьня ваенных дзеяньняў на ўмовах, якія адпавядаюць інтарэсам дзяржаў-удзельніц».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пуцін прызначыў камандуючага расейскімі войскамі, якія ваююць ва Ўкраіне. Ён мае ўзнагароду і ад ЛукашэнкіВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.