Кіеў і іншыя гарады Ўкраіны пад інтэнсіўным расейскім абстрэлам. Ёсьць ахвяры і разбурэньні

Наступствы абстрэлу Кіева раніцай 10 кастрычніка 2022

Раніцай 10 кастрычніка ў сталіцы Ўкраіны чулі гукі выбухаў. Цярнопальская, Львоўская, Хмяльніцкая, Кіеўская, Мікалаеўская і Днепрапятроўская вобласьці — геаграфія сёньняшніх абстрэлаў.

Пасьля 12-й гадзіны паступова ва ўсіх рэгіёнах, якія раніцай атакавала Расея, скасавалі паветраную трывогу. Абстрэлы пачаліся прыкладна а 8.00, трывогу абвясьцілі а 6.47.

У выніку расейскай атакі 10 кастрычніка загінулі 11 грамадзян і яшчэ 87 атрымалі траўмы і раненьні. Ва ўсіх рэгіёнах, абстраляных Расеяй, пашкоджаны 70 аб'ектаў, у тым ліку 29 — крытычнай інфраструктуры, чатыры шматпавярховыя і 35 прыватных будынкаў, адна школа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пашкодзіла інфраструктуру ў васьмі абласьцях Украіны, чатыры зь іх засталіся без электрычнасьці

КІЕЎ

Кіеўскія ўлады заявілі пра некалькі моцных выбухах у цэнтры ўкраінскай сталіцы. Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што выбухі адбыліся ў Шаўчэнкаўскім раёне гораду. Туды накіравалі ратавальныя службы. Клічко заклікаў кіяўлян ратавацца ў сховішчах, а іншагароднім ня ехаць у Кіеў.

Ахвяры і разбурэньні: наступствы расейскага абстрэлу Кіева 10 кастрычніка. ФОТА

У сталіцы перакрыты цэнтар. Не працуюць мэтро і запраўкі. Каля іх на левым беразе ўтварыліся чэргі. Выбуховай хваляй пашкоджаны чыгуначны вакзал, але цягнікі прыбываюць.

Галоўнакамандуючы Ўзброеных сіл Украіны Валер Залужны паведаміў, што расейцы наносяць ракетныя і авіяцыйныя ўдары па ўсёй Украіне, і выкарыстоўвае бесьпілётныя апараты.

«Раніцай агрэсар выпусьціў 75 ракет, 41 зь іх абясшкодзіла наша супрацьпаветраная абарона. Узброеныя сілы робяць усё магчымае, каб абараніць грамадзян. Аднак варожая атака працягваецца. Заклікаю ўсіх знаходзіцца ва ўкрыцьцях», — паведаміў Залужны на сваім тэлеграм-канале.

Прэс-сакратарка Дзяржаўнай службы ў надзвычайных сытуацыях Сьвятлана Вадалага паведаміла карэспандэнтам «Української правди», што ёсьць траўмаваныя і загінулыя на розных участках удараў.

У Шаўчэнкаўскім раёне Кіева ад ракетнага абстрэлу загінулі 8 чалавек, яшчэ 24 мірныя жыхары атрымалі раненьні. Пра гэта паведаміў дарадца МУС Расьціслаў Сьмірноў.

У Кіеве паветраная трывога трывае з 6:47, таксама трывогу абвясьцілі ў іншых гарадах Украіны.

ХАРКАЎ

Пасьля абстрэлу расейскім войскам Харкаў цалкам абясточаны.

Пра гэта ў эфіры Нацыянальнага тэлемаратону паведаміў мэр гораду Ігар Церахаў. Паводле яго, у горадзе няма ні электрычнасьці, ні вады. Цалкам спынілася работа мэтрапалітэна, станцыі працуюць як бамбасховішчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў аб разгортваньні супольнай з Расеяй групоўкі войскаў. У Беларусь прыбудуць тысячы расейскіх салдатаў

ІНШЫЯ ГАРАДЫ

Выбухі прагучалі і ў Дняпры, Львове, Хмяльніцкім, Краменчуку. Людзей запрашаюць прайсьці ў сховішчы як мага хутчэй. Аб ракетнай атацы паведамілі ўлады Сумскай, Жытомірскай, Ровенскай абласьцей. Ва ўсіх гарадах галоўная мішэнь — энэргетычныя аб’екты. Улады Івана-Франкоўскай вобласьці паведамілі аб пашкоджаньні ў выніку абстрэлу цеплаэлектрастанцыі.

Валянцін Рэзьнічэнка, кіраўнік Днепрапятроўскай вобласьці, паведаміў, што і ў ягоным рэгіёне ёсьць загінулыя і параненыя.

Па Мікалаеўскай вобласьці, як паведамляюць мясцовыя ўлады, Расея запусьціла 47 ракет. Пад новай пагрозай Харкаў: абласныя ўлады паведамілі пра ракетную атаку.

На Львоўшчыне расейцы атакавалі аб'екты энэргетычнай інфраструктуры, ёсьць перабоі са сьвятлом. У Хмяльніцкай вобласьці расейцы таксама атакавалі інфраструктурныя аб’екты. Але ўлады пакуль просяць не публікаваць фота і відэа з месцаў выбухаў.

Наступствы ўдару па Кіеве

Расея працягвае атакі на цывільныя аб’екты ў розных гарадах Украіны. 9 кастрычніка былі абстрэлы Запарожжа, якія паўтарыліся і ў ноч на 10 кастрычніка. У абстрэлах і пад заваламі загінулі і атрымалі раненьні дзясяткі людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Запарожжы пры начным абстрэле загінулі мінімум 17 чалавек

Рэакцыя ўкраінскіх уладаў

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі папрасіў украінцаў заставацца ў сховішчах. Ён абвінаваціў Расею ў жаданьні зьнішчыць Украіну і ўкраінскую нацыю.

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў адрэагаваў на масавую атаку Расеі.

«Нашу мужнасьць ніколі ня зьнішчаць ракеты тэрарыстаў, нават калі яны пацэляць у сэрца нашай сталіцы. Яны таксама не пахіснуць рашучасьці нашых саюзьнікаў. Адзінае, што яны незваротна зьнішчаюць, — гэта будучыню Расеі — будучыню тэрарыстычнай дзяржавы-ізгоя, якой пагарджаюць ва ўсім сьвеце».

На гэтыя расейскія выпады адрэагаваў і сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Аляксей Данілаў.

«Крэмль і расейская банда! Сваімі абстрэламі вы выклікаеце ў нас толькі злосьць і пагарду! Ні страху, ні жаданьня пра нешта дамаўляцца. Вы абуджаеце ў нас жаданьне зьнішчыць вас, тэрарыстаў, дзе б вы ні былі — на вуліцах і ў бункерах, на моры і на сушы».

Што кажуць у Расеі

«Расейскія ўзброеныя сілы нанесьлі масаваны ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасьці па аб’ектах сыстэм вайсковага кіраваньня, сувязі і энэргетыкі Ўкраіны. Мэта ўдару дасягнутая. Усе вызначаныя аб’екты пашкоджаныя», – паведаміла Міністэрства абароны Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін пацьвердзіў ракетныя ўдары па аб'ектах энэргетыкі, вайсковага кіраваньня і сувязі Ўкраіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін абвінаваціў спэцслужбы Ўкраіны ў выбуху на Крымскім мосьце

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.