Раніцай 7 кастрычніка расейскія войскі запусьцілі на Запарожжа некалькі дронаў, імаверна, іранскай вытворчасьці. Як паведаміў кіраўнік Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Старух, у двух раёнах гораду пашкоджаныя інфраструктурныя аб’екты, адзін чалавек паранены і шпіталізаваны.
Бліжэй да 10-й раніцы расейцы пасьля атакі дронамі нанесьлі новы ракетны ўдар па абласным цэнтры. Аб наступствах пакуль не паведамляюць.
Дом у Запарожжы, зруйнаваны расейскай ракетай С-300. 6 кастрычніка 2022
У выніку ракетнага абстрэлу 6 кастрычніка ў Запарожжы загінулі 11 чалавек. Выратаваць удалося 21 мясцовага жыхара. Ратавальнікі яшчэ і сёньня разьбіраюць завалы.
Пад абстрэламі яшчэ два дзясяткі паселішчаў вобласьці
Пасьля незаконнай анэксіі Запароскай вобласьці і спробаў стварыць між акупаванымі і падкантрольнымі Ўкраіне тэрыторыямі «дзяржаўную мяжу» расейскія войскі ўзмацнілі ўдары па рэгіёне.
За апошнія содні расейская артылерыя абстраляла 19 паселішчаў, паўзь якія праходзяць пазыцыі Ўзброеных сілаў Украіны. Улады вымушаныя былі ўначы праводзіць эвакуацыю.
Усё часьцей Расея выкарыстоўвае бесьпілётныя апараты, здольныя пераадольваць тысячу кілямэтраў.
Дом у Запарожжы, зруйнаваны расейскай ракетай С-300. 6 кастрычніка 2022
Напярэдадні намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў паведаміў, што з 30 верасьня ўкраінскія паветраныя сілы зьнішчылі 24 дроны-камікадзэ Shahed 136.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейцы абстралялі Запарожжа, ёсьць ахвярыКаб чуць дроны, ва Ўкраіне забаранілі гучную музыку
З 7 кастрычніка на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны забаранілі ўключаць гучную музыку і трансьляцыю кінафільмаў. Гэтыя абмежаваньні найперш тычацца гарадзкога, прыгараднага і міжнароднага пасажырскага транспарту. Пасажыры могуць слухаць музыку толькі ў навушніках. Пры парушэньні правіла кіроўца можа высадзіць пасажыра-парушальніка.
Ува ўсіх населеных пунктах Украіны пашыраюць памяткі аб паводзінах грамадзян у выпадку атакі дронамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пад расейскую акупацыю патрапіла вёска Гусарка ў Запароскай вобласьці, дзе жывуць нашчадкі беларускіх парасяленцаўБаявыя дзеяньні канцэнтруюцца на ўсходзе і поўдні Ўкраіны
Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны паведаміў, што расейскія войскі не спыняюць спробаў наступу на бахмуцкім і аўдзееўскім кірунку (Данецкая вобласьць), а на паўднёвабускім кірунку (Мікалаеўская, Херсонская і Запароская вобласьці) перагрупоўваюць свае падразьдзелы.
Усяго за мінулыя содні расейцы абстралялі больш як 50 паселішчаў у Днепрапятроўскай, Харкаўскай, Данецкай, Луганскай, Запароскай, Мікалаеўскай і Сумскай вобласьцях.
У офісе прэзыдэнта Ўкраіны паведамілі, што ў выніку расейскіх абстрэлаў 6 кастрычніка загінулі 22 цывільныя асобы і яшчэ 32 атрымалі раненьні ў Запароскай, Данецкай, Мікалаеўскай, Харкаўскай і Херсонскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Упершыню са жніўня Ўкраіну абстралялі ракетамі з тэрыторыі БеларусіГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Жалезная заслона», баі, чэргі і людзкія пакуты на мяжы з акупаванымі Расеяй раёнамі на поўдні ЎкраіныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.