Расейскі самалёт Ту-22, зь якога Ўкраіну абстралялі ракетамі
У Генштабе Ўкраіны заявілі, што з пачатку кастрычніка «зь беларускіх арсэналаў захаваньня ракет і боепрыпасаў накіравалі акупацыйным войскам на данецкі і херсонскі кірунак амаль 30 вагонаў з боепрыпасамі».
Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў заявіў, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва Беларусі працягвае дапамагаць Расеі ў яе вайне супраць Украіны.
«Сёньня з раніцы чатыры самалёты Ту-22 М3 стратэгічнай авіяцыі краіны-агрэсаркі з паветранай прасторы Беларусі нанесьлі авіяцыйны ўдар па тэрыторыі Ўкраіны», — сказаў Аляксей Громаў у Military Media Center у Кіеве.
Паводле яго, апошні раз Расея выкарыстоўвала паветраную прастору Беларусі для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне 28 жніўня.
Інфармацыю аб абстрэле Хмяльніцкай вобласьці з паветранай прасторы Беларусі пазьней пацьвердзілі ў Паветраных сілах Украіны.
Абласныя ўлады Хмяльніцкай вобласьці заяўлялі, што а 6-й раніцы 6 кастрычніка ў Шапятоўскі раён Хмяльніцкай вобласьці «прыляцелі» дзьве ракеты — адна зь іх упала побач з чыгункай, іншая пашкодзіла некалькі будынкаў. Абышлося без ахвяр і вялікіх разбурэньняў.
Прадстаўнік Генштабу Ўкраіны таксама паведаміў, што з пачатку кастрычніка «зь беларускіх арсэналаў захаваньня ракет і боепрыпасаў накіравалі акупацыйным войскам на данецкі і херсонскі кірунак амаль 30 вагонаў з боепрыпасамі», а з пачатку расейскага ўварваньня — 26 эшалёнаў у складзе амаль 250 вагонаў і вагой больш як 10 тысяч тон.
Аляксей Громаў паведаміў, што з 1 кастрычніка Ўзброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі 29 населеных пунктаў на херсонскім кірунку, і з 21 верасьня 93 населеныя пункты ў Харкаўскай вобласьці.