Пасьля баёў за Ізюм, у якіх, як мяркуецца, браў удзел палонны беларус
Свабода атрымала фота затрыманага, на якім відаць, што ён знаходзіцца ў лякарні, а над галавой у яго напісана прозьвішча «Пятроў» і імя, падобнае на «Максім». Але пацьверджэньня, што гэтае імя сапраўднае, мы не атрымалі.
Сьледчыя пракуратуры Ўкраіны паведамілі аб падазрэньні ў наёмніцтве грамадзяніну Беларусі, якога ўзялі палон пры вызваленьні Ліманскага раёну Данецкай вобласьці. Прозьвішча арыштаванага афіцыйна не называюць, дакумэнтаў не дэманструюць.
UKRAINE - captured citizen of Belarus in Ukraine
Паводле сьледзтва, беларус служыў у батальёне «Вэтэран», створаным прыватнай вайсковай кампаніяй «Рэдут».
Паводле кантракту, ён меў атрымліваць 3600 даляраў на месяц. Апроч таго, яму абяцалі 100% надбаўкі за інваліднасьць. У батальёне ён служыў кулямётчыкам-рэтрансьлятарам.
Як паведамілі ў Офісе генэральнага пракурора, вайскоўцы ПВК «Рэдут» раней ня ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях. Яны выконвалі выключна ахоўныя функцыі, а ва Ўкраіне пачалі залучацца да поўнамаштабных баявых дзеяньняў.
Паводле пракуратуры Ўкраіны, гэта першы выпадак узяцьця ў палон грамадзяніна Беларусі — найміта прыватнай вайсковай кампаніі.
У пракуратуры Ўкраіны сьцьвярджаюць, што беларус удзельнічаў у баявых дзеяньнях у Ізюме Харкаўскай вобласьці і ў Данецкай вобласьці.
У Службе бясьпекі Ўкраіны ўдакладнілі, што грамадзянін Беларусі пачаў ваяваць 22 ліпеня ў Ізюме Харкаўскай вобласьці, потым ягоны батальён перадысьлякавалі ў Сватава Луганскай вобласьці, а адтуль — у вёску Карові Яр Ліманскага раёну Данецкай вобласьці. У палон яго ўзялі 19 верасьня. Праверыць гэтую інфармацыю ў незалежных крыніцах пакуль немагчыма.
Сьледчыя расьсьледуюць справу паводле ч. 4 артыкулу 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (удзел найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да 10 гадоў).
Свабода зьвярнулася ў СБУ з просьбай даць доказы таго, што палонны зьяўляецца грамадзянінам Беларусі, і паказаць ягоны фатаздымак.
«Дэталяў гэтай справы сьледчыя пакуль не дазваляюць паведамляць», — паведамілі Свабодзе ў СБУ.