Сьцісла:
- Лёгіка аўтарытарных кіраўнікоў аднолькавая. Дзеля захаваньня ўлады яны гатовыя ахвяраваць значнай часткай нацыянальнага сувэрэнітэту.
- Умяшаньня ва ўнутраныя палітычныя канфлікты статут АДКБ не прадугледжвае.
- Падзеі ў Казахстане стануць дадатковым чыньнікам канфлікту Расеі і яе саюзьнікаў з Захадам.
- Здаецца, у замежнай палітыцы Казахстана адбудзецца тая ж эвалюцыя, што і ў вонкавай палітыцы Беларусі. То бок заходні кірунак абрынецца, узрасьце залежнасьць Астаны ад Масквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
АДКБ з удзелам Беларусі адправіла свае ўзброеныя сілы ў КазахстанГэтага можна было чакаць. Рана ці позна такое павінна было адбыцца. АДКБ пад выглядам «міратворчых сілаў» задзейнічана у задушэньні народнага пратэсту у адной з краін-чальцоў.
Зварот прэзыдэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева да Уладзіміра Пуціна (фармальна да АДКБ) — акт адчаю. Гэта значыць, казахстанскія сілавікі выйшлі з-пад кантролю палітычнага кіраўніцтва, выявіліся ненадзейнымі. Бо захоп адміністрацыйных будынкаў у Алматы мог адбыцца толькі пры ўмове неўмяшаньня паліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэзыдэнт Казахстану Такаеў зьвярнуўся па дапамогу да АДКБ для пераадоленьня «тэрарыстычнай пагрозы». АДКБ згадзіласяГэта значыць, Такаеў зрабіў тое самае, што і Лукашэнка ў жніўні-верасьні 2020 году. А, нагадаю, тады Лукашэнка прасіў Пуціна накіраваць у Беларусь расейскія вайсковыя падразьдзяленьні дзеля задушэньня пратэстаў. І прэзыдэнт Расеі падрыхтаваў адпаведную рэзэрву, якая, праўда, так і не была задзейнічаная.
Можна канстатаваць, што лёгіка аўтарытарных кіраўнікоў аднолькавая. Дзеля захаваньня ўлады яны гатовыя ахвяраваць значнай часткай нацыянальнага сувэрэнітэту. І рыторыка вельмі падобная. Праціўнікаў рэжыму абвясьцілі тэрарыстамі («тэрарыстычныя банды»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Такаеў даў ураду тэрміновыя даручэньні. Што адбываецца ў КазахстанеПытаньне пра ўмяшаньне АДКБ ва ўнутраныя канфлікты краін-сяброў узьнімалася шмат разоў. І галоўным энтузіястам такой ідэі быў Лукашэнка. Яшчэ ў 2010 годзе, калі ў Кіргізстане быў зрынуты рэжым Курманбека Бакіева, беларускі лідэр абураўся, маўляў, куды глядзіць АДКБ, чаму ня ўмешваецца.
Усё залежала ад пазыцыі Крамля. Аднак Пуцін дасюль устрымліваўся. АДКБ ня ўмешваўся, калі ў Кіргізстане ўспыхнуў востры этнічны канфлікт паміж кіргізамі і ўзбэкамі ў 2010 годзе з шматлікімі ахвярамі. Пазьбегла ўмяшаньня саюзьнікаў Армэнія ў 2018 годзе падчас народнай рэвалюцыі (хоць Лукашэнка мякка намякаў на неабходнасьць неяк рэагаваць на тыя падзеі). Нават вайна паміж Армэніяй і Азэрбайджанам у 2020 годзе не падштурхнула АДКБ да нейкіх дзеяньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Казаскія мэдыя: у Алматы загінулі 13 сілавікоў, дзясяткі забітых сярод цывільных, сотні параненыхТут існуе пэўная юрыдычная праблема. Статут АДКБ адназначна канстатуе, што арганізацыя створаная для абароны краін-сяброў ад вонкавай агрэсіі. Умяшаньня ва ўнутраныя палітычныя канфлікты статут гэтага альянсу не прадугледжвае.
Аднак цяпер, калі ўзьнікла вострая неабходнасьць умяшаньня, гэтую прававую перашкоду лёгка абышлі. Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што разглядае падзеі ў краіне як акт вонкавай агрэсіі. Паводле яго, «тэрарыстычныя групоўкі» прайшлі падрыхтоўку за мяжой, менавіта таму, маўляў, ён і зьвярнуўся да кіраўнікоў дзяржаў АДКБ па дапамогу. Не ўдакладняецца, у якой краіне рыхтуюць гэтых тэрарыстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва ўсім Казахстане абвясьцілі надзвычайнае становішчаЗьмена стратэгіі ў дзейнасьці АДКБ абумоўлена як эвалюцыяй палітычных рэжымаў краін – сяброў арганізацыі, так і пераменамі ў глябальнай геапалітыцы. Палітычныя рэжымы ў Расеі, Беларусі сталі больш жорсткімі, аўтарытарнымі, яны адкінулі ўсялякую гульню ў дэмакратыю. Цяпер для Масквы абсалютна непрымальная перамога народных пратэстаў на постсавецкай прасторы. Бо яна пакажа дрэнны прыклад.
З другога боку, увязаўшыся ў востры канфлікт з Захадам, Расея цяпер не азіраецца на тое, што скажуць, як ацэняць яе палітыку ў Вашынгтоне і Брусэлі.
Такім чынам, АДКБ ператвараецца ў саюз аўтарытарных рэжымаў для абароны ад іх народаў. Ён стаў аналягам Арганізацыі Варшаўскай дамовы, якую СССР выкарыстоўваў для задушэньня народных паўстаньняў (у Вугоршчыне ў 1956 годзе, у Чэхаславакіі ў 1968-м) Гісторыя паўтараецца другі раз, але зноў у выглядзе трагедыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Аэрапорт Алматы спыніў працу. «Белавія» адмяніла сёньняшні рэйсПадзеі ў Казахстане стануць дадатковым чыньнікам канфлікту Расеі і яе саюзьнікаў з Захадам. Ужо цяпер вінаватымі спрабуюць зрабіць Захад, найперш ЗША. Пра гэта адкрыта гавораць дзяржаўныя мэдыя Расеі, Беларусі і, хоць больш асьцярожна, Казахстану. А ЗША і ЭЗ нэгатыўна ацэняць дзеяньні АДКБ.
У выніку, здаецца, у замежнай палітыцы Казахстану адбудзецца тая ж эвалюцыя, што і ў вонкавай палітыцы Беларусі. То бок заходні кірунак абрынецца, узрасьце залежнасьць Астаны ад Масквы.
І яшчэ невядома, як усёй гэтай сытуацыяй скарыстаецца Расея. Асабліва, калі ўлічыць, што ў паўночных абласьцях Казахстану пераважае расейскамоўнае насельніцтва.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.