Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казаскія мэдыя: у Алматы загінулі 13 сілавікоў, дзясяткі забітых сярод цывільных, сотні параненых

абноўлена

Сілавікі ў Алматы раніцай 6 студзеня 2022

У Казахстане пачалася «антытэрарыстычныя апэрацыя», улады змагаюцца з пратэстоўцамі, а прэзыдэнт Такаеў 5 студзеня запрасіў дапамогу АДКБ.

Прадстаўнік паліцыі Алматы Салтанат Азірбек заявіў, што ў горадзе забілі дзясяткі пратэстоўцаў, якія штурмавалі адміністрацыйныя будынкі, паведамляе тэлеграм-канал Nur.kz. Паводле інфармацыі сілавікоў, пратэстоўцы спрабавалі захапіць будынак паліцыі ў найбуйнейшым горадзе Казахстану.

Камэндатура Алматы заявіла, што ў Алматы 353 праваахоўнікі пацярпелі, 13 загінулі, у тым ліку дваіх знайшлі з адсечанымі галовамі, перадаюць казаскія тэлеграм-каналы.

Міністэрства аховы здароўя Казахстану паведаміла, што праз пратэсты шпіталізавалі 400 чалавек, 62 знаходзяцца ў рэанімацыі. Усяго пацярпелі больш за тысячу чалавек.

У цэнтры Алматы сотні вайскоўцаў ачапілі плошчу Рэспублікі, дзе знаходзіліся пратэстоўцы. Адбылася перастрэлка, пасьля чаго вайскоўцы зьнялі ачапленьне.

МУС Казахстану 5 студзеня паведамляла, што ў сутыкненьнях з пратэстоўцамі загінулі 8 супрацоўнікаў праваахоўных органаў і яшчэ 317 былі параненыя.

Камэндатура Алматы расказала пра шкоду ад пратэстаў. Заяву цытуе казаская служба Радыё Свабода.

«На жаль, радыкальна настроеныя прыхільнікі беспарадкаў нанесьлі вялізную шкоду гораду, аказалі супраціў законным дзеяньням праваахоўных органаў у навядзеньні парадку і гарантаваньні бясьпекі. Экстрэмісты чыняць марадэрскія дзеяньні, наносячы шкоду бізнэсу. Больш за тое, ставяць пад пагрозу жыцьцё і здароўе мірных гараджан, перашкаджаючы працы мэдычных работнікаў і наносячы шкоду паліклінікам і лякарням».

У краіне часовы спынілі працу ўсе банкі, а тэлефонная сувязь і інтэрнэт аднавіліся толькі ўначы.

Выступаючы позна ўвечары 5 студзеня на нарадзе кіраўніцтва краіны, прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў:

«Абапіраючыся на Дамову аб калектыўнай бясьпецы, я сёньня зьвярнуўся да кіраўнікоў дзяржаваў АДКБ — аказаць дапамогу Казахстану ў пераадоленьні гэтай тэрарыстычнай пагрозы. Папраўдзе, гэта ўжо не пагроза, гэта падрыў цэласьці дзяржавы і самае галоўнае — гэта напад на нашых грамадзян, якія просяць мяне як кіраўніка дзяржавы ў тэрміновым парадку аказаць ім дапамогу».

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG