Беларускія ўлады павінны спыніць выкарыстаньне мігрантаў у супрацьстаяньні з Захадам. У сваю чаргу краіны ЭЗ мусяць даць магчымасьць атрымаць прыстанішча кожнаму ахвотнаму, гаворыцца ў рэзалюцыі ПАРЭ, перадае DW.
Навала мігрантаў на мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай зрэжысавана беларускімі ўладамі ў адказ на санкцыі ЭЗ. Рызе, Вільні і Варшаве трэба ўстрымацца ад практыкі вяртаньня нелегалаў у Беларусь і гарантаваць выкананьне правоў чалавека кожнаму, хто хоча трапіць на тэрыторыю іхных краін. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, прынятай 30 верасьня ў Страсбургу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэзыдэнт Польшчы працягнуў на два месяцы рэжым надзвычайнага становішча на мяжы зь БеларусьсюУ ПАРЭ лічаць, што міграцыйная напружанасьць на мяжы Беларусі з краінамі — сябрамі Рады Эўропы і Эўразьвязу створаная штучна. Такія дзеяньні афіцыйнага Менску асамблея называе «гібрыднай атакай» і «асуджае ўсякае выкарыстаньне мігрантаў, уцекачоў і просьбітаў прыстанішча ў палітычных мэтах». Імклівы наплыў нелегальных мігрантаў стаў «сурʼёзным выклікам для Латвіі, Літвы і Польшчы» і іхных сыстэмаў для прыёму ўцекачоў, канстатуецца ў дакумэнце.
Пры гэтым ПАРЭ пацьвярджае абавязак усіх дзяржаў-сябраў Рады Эўропы выконваць правы чалавека і гуманітарныя прынцыпы.
«Дзяржавы-сябры павінны забясьпечыць неабходную дапамогу людзям, якія маюць патрэбу ў абароне, надаючы асаблівую ўвагу семʼям з маленькімі дзецьмі, непаўналетнім без суправаджэньня дарослых і людзям з абмежаванымі магчымасьцямі», — падкрэсьліваецца ў рэзалюцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Польскія ўлады пачалі рассылаць мігрантам SMS з папярэджаньнем аб недапушчальнасьці парушэньня мяжыПАРЭ заклікала Беларусь не пасылаць мігрантаў у ЭЗ, а суседнія краіны ЭЗ — прымаць усіх ахвотных
ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала краінам-сябрам Рады Эўропы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
У дакумэнце таксама адзначаецца, што напружанасьць каля ўсходніх межаў Эўразьвязу справакавала новую хвалю антымігранцкай рыторыкі, якая «вымусіла краіны будаваць новыя сьцены ў Эўропе, каб суседнія аўтарытарныя рэжымы не маглі выкарыстоўваць мігрантаў як інструмэнт у сваіх палітычных мэтах».
ПАРЭ заклікала фінансава і тэхнічна падтрымаць Літву, Латвію і Польшчу і дапамагчы ім больш эфэктыўна абараняць просьбітаў палітычнага прытулку.
Што да беларускіх уладаў, то іх заклікалі спыніць практыку спрашчэньня паездак у Беларусь пад маркай турызму для грамадзянаў трэціх краін, а таксама ўстрымацца ад незаконных дзеяньняў у дачыненьні да нелегальных мігрантаў:
- не адбіраць у іх дакумэнты,
- не прымушаць іх сілай перасякаць мяжу Беларусі і ЭЗ.
У сваю чаргу Латвія, Літва і Польшча абавязаны дазволіць усім ахвотным прайсьці працэдуру атрыманьня палітычнага прыстанішча і не спрабаваць выдварыць мігрантаў назад у Беларусь. ПАРЭ таксама патрабуе, каб улады гэтых краін прымянялі турэмнае зьняволеньне толькі як крайнюю меру ў дачыненьні да мігрантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як мігранты жывуць у транзытнай зоне Нацыянальнага аэрапорту «Менск». ВІДЭААўтарка дакладу: Сытуацыя на мяжы «проста жахлівая»
Сытуацыя на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ «проста жахлівая», канстатавала аўтарка дакладу, які суправаджаў рэзалюцыю, дэпутатка зь Фінляндыі Аннэ-Мары Віралайнэн.
«Гэта элемэнт агрэсіі Лукашэнкі, скіраванай на дэстабілізацыю ЭЗ», — заявіла яна падчас дэбатаў. Паводле яе, многія мігранты з Іраку, Афганістана, Кубы, Шры-Лянкі, Індыі, якія трапілі ў Латвію і Літву, расказалі што іх перапраўкай у ЭЗ наўпрост займаліся беларускія спэцслужбы.
Віралайнэн таксама адзначыла, што наплыў мігрантаў стварыў вялікую нагрузку на Латвію, Літву і Польшчу.
«Яны не разьлічаныя на такі вялізны прыток мігрантаў, у іх недастаткова інфраструктуры і пэрсаналу для іх разьмяшчэньня», — прызнала дакладчыца, адзначыўшы, што гэта не здымае з гэтых краінаў абавязкаў абараняць просьбітаў прытулку.
Профільны камітэт адхіліў папраўкі пра санкцыі
Многія выступоўцы заявілі, што тэкст рэзалюцыі надта мяккі што да Беларусі.
«У дакладзе прапануюцца толькі тэарэтычныя рашэньні, але нічога не гаворыцца аб практычных. А гэта ж тры краіны-сябра нашай арганізацыі сутыкнуліся з сурʼёзнай праблемай, а даклад не прапануе ніякай канкрэтнай дапамогі», — сказаў нідэрляндзкі дэпутат Боб ван Парэрэн.
Яго падтрымаў дэпутат з Францыі Андрэ Гаталян. Ён заявіў, што супраць рэжыму Лукашэнкі трэба прымяніць глябальны санкцыйны мэханізм Эўразьвязу за парушэньні правоў чалавека.
«Трэба выразна заявіць пра тое, што нам нестае інструмэнтаў для супрацьдзеяньня гэтай гібрыднай атацы, і пераходзіць ад слоў да дзеяньняў», — заклікаў ён.
Як стала вядома DW, усе папраўкі да тэксту рэзалюцыі, у якіх прапаноўвалася ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў выпадку новага абвастрэньня міграцыйнага крызісу, былі адхіленыя профільным камітэтам. Таму на галасаваньне іх не выносілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Літва выслала з краіны мігранта, які быў зьвязаны з «Ісламскай дзяржавай»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Карэспандэнт Свабоды: Пяты пакет санкцый супраць беларускага рэжыму можа быць гатовы да канца кастрычніка