Праваабаронца адказаў Ярмошынай: «Вынікі выбараў дэвальвуе ня „Голас“, а дзеяньні ЦВК»

Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота

Валянцін Стэфановіч з Праваабарончага цэнтра«Вясна» адказаў на крытыку старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай плятформы альтэрнатыўнага падліку галасоў «Голас».

«Менавіта Цэнтравыбаркам пад кіраўніцтвам Лідзіі Міхайлаўны шмат чаго зрабіў для дэвальвацыі даверу да афіцыйных вынікаў выбараў у нашай краіне, а таксама для страты даверу да ўсяго выбарчага працэсу», — сказаў экспэрт кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» юрыст Валянцін Стэфановіч.

Паводле яго, калі б улады ўкаранілі шматлікія рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ і нацыянальных незалежных назіральнікаў, зрабілі працэдуру падліку галасоў празрыстай, не ўзьнікала б патрэбы ў падобных грамадзкіх ініцыятывах.

«А ва ўмовах масавага нядопуску назіральнікаў і правядзеньня цалкам закрытых для грамадзкасьці выбараў якраз афіцыйныя зьвесткі ЦВК могуць паслужыць падставай для масавых акцый пратэсту па ўсёй краіне», — адзначыў Стэфановіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ярмошына назвала злачынствам стварэньне плятформы альтэрнатыўнага падліку галасоў

7 жніўня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына выступіла зь відэазваротам на сайце vybary2020.by. Сярод іншага падчас выступу яна дала сваю ацэнку дзейнасьці інтэрнэт-плятформы «Голас», назваўшы яе «шкодным і злачынным праектам».

«Як нас запэўніваюць, гэта кантроль за волевыяўленьнем грамадзян. Не, дарагія мае, гэта не кантроль. Гэта стварэньне скажонага выніку выбараў для таго, каб дэвальваваць афіцыйныя вынікі галасаваньня і на гэтай падставе арганізаваць масавыя беспарадкі», — заявіла старшыня ЦВК.

Адміністрацыйнай адказнасьцю «Голасу» і падобным онлайн-плятформам прыгразіла і Генэральная пракуратура Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Генпракуратура прыгразіла плятформам для электроннага галасаваньня адміністрацыйнай адказнасьцю