У Генэральнай пракуратуры лічаць, што онлайн-плятформы «Голас» і Zubr.in, якія заклікаюць фатаграфаваць выбарчыя бюлетэні на ўчастках для галасаваньня і адпраўляць здымкі, а таксама ўдзельнічаць у альтэрнатыўным падліку галасоў выбарнікаў, займаюцца правядзеньнем сацыялягічных апытаньняў і дасьледаваньняў без акрэдытацыі, піша Tut.by.
Генпракуратура нагадала, што выключнае права арганізоўваць апытаньні грамадзкай думкі і сацыялягічныя дасьледаваньні, акрэдытацыя юрыдычных асоб для іх правядзеньня дадзена Камісіі апытаньняў грамадзкай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Арганізатары онлайн-плятформаў «Голас», Zubr.in ня маюць акрэдытацыі на збор і інтэрпрэтацыю названай сацыялягічнай інфармацыі, лічаць у Генпракуратуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ярмошына назвала злачынствам стварэньне плятформы альтэрнатыўнага падліку галасоўТам таксама выказалі здагадку, што правядзеньне падобных онлайн-апытаньняў можа пацягнуць за сабой неправамернае атрыманьне іх арганізатарамі і трэцімі асобамі пэрсанальных зьвестак грамадзян, што можа стаць фактарам, які паспрыяе іх выдаваньню бяз згоды ўладальнікаў інфармацыі.
«Пры выяўленьні фактаў правядзеньня грамадзянамі, назіральнікамі неправамерных апытаньняў грамадзкай думкі, якія датычацца грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, выбараў прэзыдэнта Беларусі, без атрыманьня адпаведнай акрэдытацыі маюцца падставы для прыцягненьня іх да адміністрацыйнай адказнасьці паводле арт. 9.28 КаАП», — паведамілі ў Генпракуратуры. Там таксама нагадалі, што санкцыі паводле гэтага артыкулу прадугледжваюць штраф у памеры да 20 базавых велічынь (510 рублёў), а на юрыдычную асобу — да 100 базавых велічынь (2500 рублёў).
Генпракуратура справілася з ацэнкай законнасьці за дзень
6 жніўня прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў даць ацэнку законнасьці ініцыятыў аб альтэрнатыўным падліку галасоў на выбарах.
«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генэральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасьці падобных ініцыятыў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Аднаго са стваральнікаў плятформы для альтэрнатыўнага падліку галасоў «Голас» трымаюць у СІЗА КДБУ той жа дзень кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына выступіла зь відэазваротам, у якім выказала шкадаваньне, што ў нашай краіне ўкараняецца «палітычная афёра пад назвай інтэрнэт-плятформа «Голас».
«Па сутнасьці, тое, што вам прапануецца, — гэта стварэньне ценявога Цэнтрвыбаркаму», — адзначыла кіраўніца ЦВК і назвала плятформу «шкодным і злачынным праектам».
«Як нас запэўніваюць, гэта кантроль за волевыяўленьнем. Не, дарагія мае, гэта не кантроль. Гэта стварэньне скажонага выніку выбараў для таго, каб дэвальваваць афіцыйны вынік галасаваньня і на гэтай падставе арганізаваць масавыя беспарадкі. Вось для чаго гэта робіцца», — выказалася Ярмошына.
Камісія апытаньняў грамадзкай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акрэдытавала дзевяць арганізацый для работы на выбарах. Пяць зь іх — гэта структуры пры ўнівэрсытэтах, па адной — пры НАН, дзяржаўнай газэце «Магілёўскія ведамасьці» і рэспубліканскім саюзе грамадзкіх аб’яднаньняў «Беларускі камітэт моладзевых арганізацый». Нарэшце, адзіная прыватная кампанія ў сьпісе — аналітычны цэнтар EcooM, які належыць ТАА «Мэдыяфакт-Эка», з 2004 году супрацоўнічае з ЦВК Беларусі, чые дасьледаваньні ня раз выклікалі крытыку экспэртаў.