Аглядальніца расейскай службы Радыё Свабода Алена Рыкаўцава скептычна паставілася да вэрсіі, што расейскія зоркі эстрады адмовіліся ад перадвыбарчага канцэрту ў Беларусі праз шматлікія просьбы і пагрозы беларускіх і расейскіх фанатаў.
Пра гэта яна напісала ў сваёй старонцы ў Фэйсбуку, камэнтуючы навіну
радыё «Говорит Москва»:
«Леанід Агуцін, Стас П’еха, Юліяна Караулава і група Кар-Мэн адмовіліся ехаць у Беларусь на „перадвыбарчы канцэрт“ Лукашэнкі 8 жніўня. Такое рашэньне выканаўцы прынялі пасьля шматлікіх просьбаў і папрокаў ад расейскіх фанатаў».
«Гэтыя расейскія фанаты — яны што, за беларускую апазыцыю! Кшталту „западло“ сьпяваць за „Бацьку“?! Быць такога ня можа», — мяркуе расейская журналістка і цытуе далей навіны.
«Чытаю далей: „Бясплатныя шоў напярэдадні дня выбараў арганізавалі беларускія ўлады. Раней Грыгорый Лепс заявіў, што мае намер паехаць і выступіць, нягледзячы на затрыманьне расейскіх грамадзянаў і зьмяшчэньне іх у СІЗА, бо яго „чакаюць людзі“... Гэта нібыта „фанаты“ нібыта пратэстуюць супраць затрыманьня ў Менску галаварэзаў з ПВК Вагнэра і патрабуюць ад куміраў пакараць „Бацьку“ байкотам. Наўпрост усім сваім папсовым фанацкім натоўпам жудасна заклапаціліся лёсамі гэтых баевікоў. І куміры нібыта слухаюцца фанатаў! Сказалі фанаты — на знак пратэсту ня ехаць да „Бацькі“ — ня едзем! Сумленьне даражэй грошай!», — іранізуе журналістка.
Алена Рыкаўцава
Алена Рыкаўцава зьвяртае ўвагу на яшчэ адзін «абсурдны паварот». Яна пабачыла ў сетках камэнтары і пасты беларусаў, якія «радуюцца», бо «расейская папса адмовілася падтрымаць дыктатуру». Аглядальніца расейскай Свабоды зьвярнулася да беларусаў з гэтай нагоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Tyga, Лепс і Агуцін — зоркі масава адмаўляюцца ад канцэртаў 8 жніўня«Дарагія беларускія сябры. Пра што вы кажаце. Расейская папса з дарагой душой падтрымае ўсё, на што ёй пакажа Крэмль. У гэтым выпадку ёй наказалі пакараць „Бацьку“ за арышт наймітаў з ПВК. „У расейскіх і беларускіх сацыяльных сетках удзел артыстаў у канцэртах у падтрымку Лукашэнкі на фоне затрыманьняў грамадзянаў Расеі выклікаў крытыку“. Так падаецца ў Расеі прычына „байкоту“. Усё. Не шукайце белую котку там, дзе яе няма», — падсумоўвае журналістка.
Тым часам амэрыканская праваабарончая арганізацыя Human Rights Foundation зьвярнулася да рэпэра Tyga з заклікам скасаваць канцэрт у Менску 8 жніўня. У звароце адзначаецца, што канцэрт «арганізаваны і фінансаваны беларускай дыктатурай на чале з Аляксандрам Лукашэнкам», каб адцягнуць увагу людзей ад мітынгаў апазыцыі, паведаміла выданьне The Hollywood Reporter. Пазьней у Інстаграме Tyga ў stories зьявіўся допіс, што канцэрту ня будзе.
«Я вельмі хацеў выступіць у Менску для маіх прыхільнікаў у Беларусі ў духу таго, каб прынесьці новую музыку на рынак, дзе я раней ніколі ня граў. Маё выступленьне не было палітычна матываванае і, каб пазьбегнуць любога канфлікту з выбарамі ў Беларусі, я ня буду выступаць 8 жніўня ў Менску. Я спадзяюся вярнуцца, каб зайграць для сваіх прыхільнікаў там пазьней».
- Рэпэр Tyga, Леанід Агуцін, Грыгорый Лепс, гурты Rasa, «Кар-Мэн», дуэт Джаро і Ханзо, Юліяна Караулава і сьпявак Мэўл адмовіліся ад выступу на канцэртах у Беларусі 8 жніўня. Пра гэта артысты паведамілі ў сваіх сацыяльных сетках. 5 і 6 жніўня беларусы атакавалі старонкі артыстаў з просьбамі не прыяжджаць у Беларусь.
- Таксама і ўкраінская сьпявачка Ціна Караль заявіла, што не прыедзе на абвешчаны канцэрт у Бабруйску 8 жніўня.
- За два дні беларусы напісалі тысячы камэнтароў артыстам, заяўленым на канцэрты 8 жніўня ў Менску і абласных гарадах. Камэнтатары прасілі артыстаў не падтрымліваць дзейную ўладу і адмовіцца ад удзелу ў канцэртах напярэдадні выбараў.
- 8 жніўня — напярэдадні асноўнага дня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах — у Менску і ўсіх абласных цэнтрах абвясьцілі пра бясплатныя канцэрты з удзелам вядомых артыстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Маленькія часікі»: Саўка ды Грышка пра Алексіевіч, Лукашэнку і ордэн ДробышуАляксандар Лукашэнка цягам апошніх 20 гадоў узнагароджваў расейскіх эстрадных сьпевакоў найвышэйшымі узнагародамі Беларусі, такімі як ордэн Скарыны ды іншымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Славянскі базар» як адлюстраваньне густаў Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка ўзнагародзіў Кіркорава ордэнам Скарыны