Каардынатар кампаніі «Права выбару-2020» Алесь Сілкоў расказаў вечарам 4 жніўня на Youtube-канале Аб’яднанай грамадзянскай партыі пра вынікі першага дня датэрміновага галасаваньня: за адзін дзень было скаргаў і інцыдэнтаў з палову ад таго, колькі раней было за цэлыя кампаніі.
Паводле Алеся Сілкова, за 4 жніўня незалежныя назіральнікі падалі 374 скаргі, зь іх 218 — на выдаленьне з участкаў. Раней за цэлыя кампаніі інцыдэнтаў і скаргаў было 700–800, адзначае ён. Незалежныя назіральнікі трапілі на 42 участкі, але «з кожнай гадзінай іх становіцца ўсё меней».
На думку Сілкова, «паводзіны камісіяў у першы дзень галасаваньня паказваюць, што ім ужо даведзеная лічба тых, хто прагаласаваў датэрмінова, і яна будзе завышаная ў разы». Там, дзе не дапусьцілі незалежных назіральнікаў глядзець на сам працэс галасаваньня, пачынаюцца моцныя разыходжаньні ў яўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Старшыня камісіі ўвяла прапускны рэжым». Незалежных назіральнікаў масава не пускаюць на выбарчыя ўчасткіСілкоў прывёў прыклад «рэкорднага» ўчастка 29 у Ленінскім раёне Магілёва: паводле назіральнікаў «Права выбару», за дзень прыйшлі галасаваць 40 чалавек, паводле камісіі — 112. На суседнім участку прагаласавалі 256 чалавек.
Падобныя разыходжаньні апісвала гомельскаму выданьню «Сильные новости» назіральніца, якую не пусьцілі на ўчастак 36 у школе №38: яна налічыла 39 чалавек у першы дзень галасаваньня, камісія — 102.
Іншы каардынатар «Права выбару», сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі кажа, што на ўчастак змог трапіць толькі кожны сёмы незалежны назіральнік.
Акрамя таго, дзьве траціны ўчасткаў не адпавядаюць патрабаваньням Сусьветнай арганізацыі здароўя, зьвязаным з пандэміяй каранавірусу, заяўляе Рымашэўскі. Ён згадвае, што колькасьць назіральнікаў на ўчастках скарацілі, «прыкрываючыся проціэпідэмічнымі захадамі», але не забясьпечылі чальцоў камісіяў маскамі і аднаразовымі пальчаткамі, участкі — сродкамі дэзынфэкцыі. Экспэрт Віктар Карняенка адзначыў, што згодна артыкулу 13 Выбарчага кодэксу, ні ЦВК, ні Міністэрства аховы здароўя ня мелі права абмяжоўваць колькасьць назіральнікаў.
Сілкоў кажа, што камісіі імкнуцца давесьці яўку на датэрміновае галасаваньне да 40%. Ён раіць назіральнікам пісаць скаргі ў раённую камісію і пракуратуру, калі ім не даюць знаходзіцца на тэрыторыі школаў, дзе ідзе галасаваньне, і дадае, што цяпер патрэбныя «спакойныя выбарнікі, якія ведаюць закон».