Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску завялі крымінальную справу за пагрозы старшыні выбарчай камісіі


Ілюстрацыйнае фота. Датэрміновае галасаваньне на адным зь менскіх выбарчых участкаў, 4 жніўня 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Датэрміновае галасаваньне на адным зь менскіх выбарчых участкаў, 4 жніўня 2020 году

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за пагрозы старшыні адной зь менскіх участковых выбарчых камісій, паведамляе прэс-служба СК.

Паводле СК, увечары 3 жніўня старшыня адной зь менскіх участковых выбарчых камісій знайшла ў паштовай скрыні сваячкі ўлётку, у якой былі пагрозы на адрас старшыні камісіі «ў сувязі з выкананьнем службовых абавязкаў», а таксама яе фатаздымак і кантактная інфармацыя. Яшчэ дзясяткі такіх улётак знайшлі ў пад’езьдзе.

Аляксандар Лукашэнка 4 жніўня падчас пасланьня народу і Нацыянальнаму сходу паабяцаў гарантаваць бясьпеку чыноўнікам, сябрам выбарчых камісій і іх семʼям, на якіх «ціснуць» падчас выбарчай кампаніі.

«Я бачу, што цяпер робіцца ў сувязі з выбарчай кампаніяй. Вы, а таксама сябры выбаркамаў зазнаяце калясальны прэсінг. Дайшло да таго, што на сяброў выбаркамаў сыплюцца пагрозы і абразы. Але вы павінны ведаць — дзяржава вас ня кіне, яна вас абароніць. Мы знойдзем, мы знайшлі ўправу на гэтых экстрэмістаў. Таму нават ня парцеся і не хвалюйцеся ні за сваё жыцьцё, ні за сваю бясьпеку, ні за бясьпеку вашых дзяцей. Я вам гэта гарантую», — заявіў Лукашэнка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG