Тысячы чалавек прыйшлі на мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні. ФОТА, ВІДЭА

Мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні.

Кандадатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская разам са сваімі паплечніцамі праводзіць агітацыйны мітынг у Горадні.

Cьвятлану Ціханоўскую на шляху да мітынгу спынілі супрацоўнікі ДАІ, запавольваючы яе рух. Даехаць на машыне не ўдалося, Ціханоўская ішла пешкі. «Нічога, рух – гэта жыцьцё», – жартуе Святлана.

Удзельнікі мітынгу зладзілі Ціханоўскай «чэмпіёнскі калідор» на шляху да сцэны. Яе віталі воклічамі «Жыве Беларусь!» і скандаваньнем «Сьвета!», гучала песьня «Муры».

У размове са Свабодай удзельнікі мітынгу кажуць, што прыехалі зь Менску ў свой родны горад.

Сустрэча ў горадзенскім Калоскім парку, які знаходзіцца непадалёк ад цэнтру гораду, – частка «заходняга турнэ» кандыдаткі ў прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай.

Больш за тысячу чалавек чакалі пачатку мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай. Перад сцэнай зьявіўся чалавек з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі.​

Пасьля мітынгу Сьвятлана Ціханоўская разам з Марыяй Калесьнікавай і Веранікай Цапкалай наведалі Калоскую царкву.

Нядаўнія падзеі

  • Сьвятлана Ціханоўская пайшла кандыдаткай у прэзыдэнты замест мужа, аўтара Youtube-каналу «Страна для жизни», якому адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, пакуль ён быў за кратамі за ўдзел у акцыях пратэсту. Пазьней Ціханоўскага затрымалі ў Горадні, распачалі супраць яго крымінальныя справы. За апошнія два месяцы затрымалі два дзясяткі паплечнікаў Ціханоўскай, супраць іх распачалі крымінальныя справы. Ціханоўская заяўляла, што ёй пагражалі адабраць дзяцей — таму іх вывезьлі ў Эўразьвяз разам з бабуляй.
  • Экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку і экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Валера Цапкалу адмовіліся рэгістраваць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Бабарыка цяпер за кратамі, супраць яго распачалі крымінальныя справы. Цапкала зьехаў у Расею разам зь дзецьмі. Штабы Бабарыкі і Цапкалы аб’ядналі сілы са штабам Ціханоўскай.
  • Вераніку Цапкалу 30 ліпеня выклікалі на допыт у справе мужа, але адклалі допыт на наступны дзень. Яе сястру выкралі «людзі ў цывільным» — пазьней выявілася, каб уручыць позву: хочуць узяць у яе паказаньні «ў справе Цапкалы».
  • Усяго, паводле зьвестак праваабаронцаў на 27 ліпеня, за ўдзел у гэтых акцыях затрымалі прыкладна 420 чалавек, зь іх ня менш як 330 у сталіцы. Агульная колькасьць затрыманьняў ад пачатку выбараў перавысіла 1140 чалавек: 190 арыштаваных, 333 аштрафаваныя на агульную суму звыш 65 000 рублёў.
  • 29 ліпеня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне ў Беларусі 33 расейскіх баевікоў — нібыта з «ПВК Вагнэра». Сілавікі сьцьвярджаюць, што агулам у Беларусь прыехалі дзьве сотні баевікоў, якіх падазраюць у падрыхтоўцы тэракту і шукаюць па ўсёй краіне. У сувязі з гэтым увялі дадатковыя захады бясьпекі на масавых мерапрыемствах.
  • 30 ліпеня Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу і іншым фігурантам «справы Ціханоўскага» выставілі новае абвінавачаньне, паводле якога пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы. Справу зьвязалі са справай ПВК «Вагнэра».
  • 30 ліпеня на мітынг Сьвятланы Ціханоўскай і абʼяднанага штабу ў Менску прыйшло, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», 63 тысячы чалавек, паводле МУС — 18 250.
  • 31 ліпеня ўжо прайшлі мітынгі Сьвятланы Ціханоўскай у Смаргонях, Маладэчне і Лідзе.