28 ліпеня кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань другі раз зьвярнуўся праз тэлевізію да выбарнікаў.
Кандыдат засяродзіў свой выступ на эканамічных пытаньнях і стаўленьні ўлады да малога і сярэдняга бізнэсу ў краіне.
Сяргей Чэрачань прадставіўся як чалавек, які займаецца прадпрымальніцтвам і грамадзкай дзейнасьцю, стварыў некалькі пасьпяховых бізнэсаў і стаў «кансультантам па антыкрызісным кіраваньні».
Тэзісы выступу Сяргея Чэрачня
- Цягам апошніх 10 гадоў Беларусь у сваім разьвіцьці топчацца на месцы.
- За апошнія 10 гадоў беларускі рубель абясцэніўся ў 8 разоў.
- За апошнія 10 гадоў рост беларускай эканомікі склаў менш за 1% на год, калі лічыць у замежнай валюце.
- У Літве сярэдняя зарплата ў 3 разы большая, чым у Беларусі.
- Улада не стрымала свайго абяцаньня павысіць месячныя зарплаты да $1000. Сярэдняя зарплата сёньня ў Беларусі такая, як і 10 гадоў таму — $500.
- Беларуская эканоміка апынулася ў стагнацыі.
- За апошнія 10 гадоў ніводнае беларускае дзяржаўнае прадпрыемства не дабілася «яркага посьпеху».
- У Беларусі можна насамрэч ганарыцца толькі прыватнымі кампаніямі. Але замест дзяржаўнай падтрымкі прыватны бізнэс атрымлівае толькі «пагрозы і абразы».
- Улада дзеліць прадпрымальнікаў на «сваіх» і «чужых» і падтрымлівае толькі «сваіх». Як прыклады — сетка шапікаў «Табакеркі» і кампанія Dana Holdings.
- За апошнія 10 гадоў зьнешні доўг Беларусі вырас у 2 разы. Улада жыве ў доўг, набіраючы новыя крэдыты, каб расплаціцца за папярэднія і растраціць іх на падтрымку «сваіх».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Бізнэс-інкубатары, рэформы і прыватызацыя. Што Сяргей Чэрачань сказаў на БТСяргей Чэрачань паабяцаў, што незалежна ад выніку прэзыдэнцкіх выбараў ён будзе падтрымліваць разьвіцьцё прыватнага прадпрымальніцтва, у тым ліку ствараючы бізнэс-асацыяцыю, якая будзе выкарыстоўваць міжнародныя практыкі і стандарты якасьці ў разьвіцьці беларускай эканомікі.