Кандыдатка у прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская апублікавала на сваім сайце перадвыбарную праграму. Яна падкрэсьлівае, што мае намер стаць прэзыдэнтам для таго, каб вярнуць беларусам права выбару.
Галоўнай мэтай Сьвятлана Ціханоўская называе правядзеньне сумленных выбараў з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў і заклікае ні ў якім разе ня ўдзельнічаць у датэрміновым галасаваньні.
«Прыходзьце 9 жніўня, каб прагаласаваць за мяне. Станьце незалежнымі назіральнікамі на ўчастках і абараняйце свае галасы праз розныя ініцыятывы — „Честные людзі“, „Право выбора“, „Рух Праўда“, „Зубар“ ды іншыя», — гаворыцца ў звароце кандыдаткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская ў Гомлі: «Улады не ўлічылі, што за кожным моцным мужчынам стаіць моцная жанчына»Сьвятлана Ціханоўская заяўляе, што сёлетнія выбары ўжо немагчыма прызнаць свабоднымі і сумленнымі. Многіх моцных апанэнтаў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Валера Цапкалу, пазбавілі магчымасьці ў іх удзельнічаць.
Пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта яны абяцае цягам паўгода стварыць умовы для правядзеньня сумленных выбараў. У пераходны перыяд краінай будуць кіраваць цяперашнія чыноўнікі, за выключэньнем тых, хто груба і адкрыта парушаў закон, падкрэсьлівае Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Штаб Ціханоўскай: У ініцыятыву «Сумленныя людзі» увайшлі больш за 300 тысячаў чалавекШто плянуе Ціханоўская для сумленных выбараў?
• прызначыць шэсьць новых незалежных чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі, у тым ліку старшыні, і выдаць указ аб правядзеньні новых выбараў прэзыдэнта;
• сыстэму выбарчых камісій сфармаваць так, што ў іх будуць уключаныя прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых палітычных партый, грамадзкіх арганізацый, а таксама прадстаўнікі кандыдатаў у прэзыдэнты;
• на кожным участку ўстановяць празрыстыя скрыні і камэры з онлайн-трансляцыяй;
• кожны бюлетэнь будзе дэманстравацца назіральнікам, і толькі пасьля гэтага зьмяшчацца ў стос галасоў за кандыдата;
• давераныя асобы будуць мець права патрабаваць пераліку галасоў за любога кандыдата на любым участку;
• датэрміновае галасаваньне будзе дапускацца ў выключных выпадках;
• усім кандыдатам будуць гарантаваныя роўныя магчымасьці для агітацыі без злоўжываньня службовым становішчам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Бабруйску на пікет Ціханоўскай сабралася рэкордная колькасьць людзейТаксама кандыдатка мае намер прызначыць рэфэрэндум з прапановай вярнуцца да першапачатковай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 году, што скароціць паўнамоцтвы прэзыдэнта і накладзе абмежаваньні ў колькасьці тэрмінаў знаходжаньня на найвышэйшай пасадзе.
Рэфэрэндум прапануецца правесьці адначасова з выбарамі прэзыдэнта. Ціханоўская таксама абяцае правесьці новыя парлямэнцкія выбары, зацьвердзіць статус парлямэнту як найвышэйшага прадстаўнічага і адзінага заканадаўчага органа ўлады, пашырыць паўнамоцтвы органаў мясцовага самакіраваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская ўпершыню выступіла перад тысячамі прыхільнікаў па-беларуску. Як прайшоў пікет у ВоршыШто яшчэ ў праграме?
Эканамічны блёк уключае ў сябе зьняцьце бар’ераў для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу, адмену бясконцых праверак, зьніжэньне патрабаваньняў да замежных інвэстараў. Прыбытковыя дзяржаўныя прадпрыемствы працягнуць працаваць, а стратныя атрымаюць дапамогу прафэсіяналаў.
Ціханоўская заяўляе пра важнасьць пераарыентацыі аховы здароўя на працу для чалавека, а не ўраду або дзяржавы. У адукацыі стаўка будзе зроблена на выкананьне дарожных мапаў Балёнскага працэсу, а таксама прызнанне якасьці дыплёмаў беларускіх ВНУ на міжнародным рынку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Паміж Беларусьсю і дзецьмі яна абрала БеларусьУ праграме таксама ёсьць блёкі, прысьвечаныя замежнай палітыцы, працы судоў, барацьбе з карупцыяй, сэктару ЖКГ ды іншыя.
За аснову праграмы Сьвятланы Ціханоўскай узяты рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі — гэта апэрацыйная плятформа і вынік сумеснай працы палітычных арганізацыяў і незалежных экспэртаў Беларусі.