Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ўпершыню выступіла перад тысячамі прыхільнікаў па-беларуску. Як прайшоў пікет у Воршы


Ворша

У Воршы на агітацыйны пікет кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай сабралася блізу трох тысяч чалавек. Жанчыны-палітыкі са сцэны назвалі сябе «баявымі сяброўкамі».

Разам зь ёю ў райцэнтар прыехала Вераніка Цапкала, жонка экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Валера Цапкалы ды Марыя Калесьнікава, прадстаўніца штабу зьняволенага вылучэнца на прэзыдэнта Віктара Бабрарыкі.

Пікет праходзіў у парку Герояў ля Кургана неўміручасьці побач з экспанатамі вайсковай тэхнікі: танкаў ды гарматаў. Шмат людзей прыйшло паслухаць Ціханоўскую, Цапкалу ды Калесьнікаву з нацыянальнай сымболікай. Была і дзяржаўная атрыбутыка. Шмат разоў выступы жанчын перарываліся воклічамі і воплескамі. Загалоўнай песьняй на пікеце была кампазыцыя савецкага рок-сьпевака Віктара Цоя «Перемен».

Зьбірацца ў парку людзі пачалі за гадзіну да пачатку пікету. У гутарцы з журналістам яны кажуць, што хочуць пераменаў і будуць галасаваць за Ціханоўскую.

«Для маладых, каб была работа з годнымі заробкамі. І мне ў маім узросьце цяжка ўладкавацца», — абураецца 52-гадовая Вольга.

«Дзеці ня бачаць сваіх бацькоў, бо яны ў іншых краінах на заробках, — працягвае 31-гадовы Максім. — Хто б ні прыйшоў замест цяперашняга прэзыдэнта — будзе лепей, бо цяпер мы коцімся ў прорву».

«Мо 26 гадоў таму гэтая ўлада і была добрая, але цяпер яна не адпавядае патрабаваньням часу, — лічыць 35-гадовы Андрэй, які на пікет прыйшоў зь сям'ёй. — Народ зьмяніўся. Улада непаважліва ставіцца да яго. Падман, паказуха — гэтым яна жыве. На кожным працоўным месцы ў працоўнага ёсьць да ўлады пытаньні».

Зьяўленьне Ціханоўскай, Цапкалы ды Калесьнікавай грамада сустрэла воклічамі ды авацыямі. Шмат хто здымаў жанчын на тэлефонныя камэры. Зьвяртаючыся да людзей, жанчыны называюць сябе «баявымі сяброўкамі».

Сьвятлана Ціханоўская пачынае выступ па-беларуску, адзначае, што «ва ўсіх нас адзіная мэта — новыя сумленныя выбары». Іх яна зьбіраецца правесьці ў першыя паўгода пасьля сваёй перамогі. Жанчына кажа, што янане палітык і што для яе «палітычныя гульні», у якія ўвязалася, — «дно».

«Мне ня хочацца заставацца даўжэй, — адзначае яна. — Я хачу назад да свайго мужа, сям’і і звычайнага жыцьця, у якім была шчасьлівая».

Ціханоўская нагадвае, што палітыкам стала воляю лёсу пасьля арышту мужа. Яна кажа: ён і іншыя палітзьняволеныя апынуліся ў сьледчым ізалятары толькі таму, што наважыліся сказаць людзям праўду і сваё меркаваньне, якое адрозьніваецца ад меркаваньня ўладаў. Выступоўца адзначае, што сваім прыкладам яны паказалі іншым, што канстытуцыя ў краіне не працуе.

Паводле яе, улада спалохалася «моцных мужчын» Бабарыку і Цапкалу і зьняла іх з выбараў, але не чакала што «выйдуць іхныя жанчыны».

«Нам, жанчынам, давялося ўзваліць іхны цяжар на сябе, — даводзіла Ціханоўская, — але ніводнага разу мы не пашкадавалі пра тое. Нам, жанчынам, трэба весьці Беларусь у сьветлую, новую цудоўную будучыню. Разам нам ня страшна, і разам мы пераможам».

Марыя Калесьнікава пачынае са словаў, што радая выступаць на радзіме Ўладзімера Караткевіча. Кажа, што Бабарыка зьняволены паводле сфабрыкаванай справы і рэжым распраўляецца зь нязгоднымі, хто змагаецца за свабоду. Выгуквае грамадзе «Свабоду палітвязьням». Тая ёй адказвае. Жанчына заклікае чыноўнікаў, судзьдзяў сілавікоў не баяцца ўлады, а «станавіцца побач» з народам.

«Беларусы, — даводзіць яна, — выкарыстоўваюць толькі законны мэтады барацьбы, а ўлада — гвалт. Ня бойцеся фізычнай пагрозы, амапу, аўтазакаў».

«Нам не патрэбныя лідэры, супэрмэны і новыя правадыры, — працягвае жанчына, — Нам патрэбныя мы самі і нашы жаданьні. Нам трэба дзяўбсьці гэтую ўладу».

Вераніка Цапкала кажа, што за 25 гадоў краіна страціла 750 тысяч сваіх грамадянаў, якія зьехалі ў пошукаў лепшага жыцьця, большых заробкаў ды бясьпекі. Яна даводзіць, што яе і Ціханоўскую змусілі пад ціскам «расстацца зь дзецьмі, якіх вывезьлі за межы Беларусі».

«Я хачу, каб мае дзеці і мая сям’я жылі ў гэтай краіне, — кажа яна. — Мы — беларусы, і мы хочам гадаваць сваіх дзяцей у Беларусі».

За пікетам назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Правакацыяў і канфліктаў не было. Пікет доўжыўся блізу 2 гадзінаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG