Пачаўся суд паводле пазову турэцкага бізнэсоўца Ігдэджы супраць Цапкалы за «зьнявагу»

Сэдат Ігдэджы, архіўнае фота

У судзе Першамайскага раёну Менску 21 ліпеня пачалося папярэдняе судовае слуханьне аб грамадзянскім пазове кіраўніка асацыяцыі «Турэцкі капітал» Сэдата Ігдэджы супраць былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў, экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валера Цапкалы.

На суд прыйшоў Ігдэджы, папрасіў дапусьціць на паседжаньне свайго адваката Алега Стоцкага. Судзьдзя зачытала хадайніцтва Цапкалы аб паўторным папярэднім судовым паседжаньні. Сам Цапкала не прыйшоў у суд, але паседжаньне вырашылі правесьці безь яго.

Ігдэджы падаў у суд на Цапкалу за тое, што ў відэатрансьляцыі 7 ліпеня Цапкала «паведаміў не адпаведныя рэчаіснасьці зьвесткі, якія зьневажаюць гонар, годнасьць і бізнэс-рэпутацыю».

«Валер Цапкала 7 ліпеня ў стрыме на Youtube-канале больш за 15 хвілін абражаў мяне і зь нянавісьцю адгукаўся пра мае кампаніі, прыніжаў маю краіну і мой народ. Абвінавачваў мяне ў шантажы, баязьлівасьці і паклёпе. Пагражаў помстай і заклікаў іншых людзей аб’ядноўвацца супраць мяне. З гэтай нагоды я сёньня падаў пазоў у суд», — тлумачыў Сэдат Ігдэджы.

Сэдат Ігдэджы патрабуе ў пазове выдаліць відэа «Прамое ўключэньне Валера Цапкалы» за 7 ліпеня з Youtube-каналу і разьмясьціць абвяржэньне, што відэа выдалена, «бо часткова зьмяшчала зьвесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці і зьневажаюць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю Сэдата Ігдэджы».

Раней Сэдат Ігдэджы падаў заяву ў Генэральную пракуратуру аб «фактах супрацьпраўнай дзейнасьці» тады яшчэ патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Валера Цапкалы.

Будзе дапоўнена

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Проста я хачу вярнуць свае грошы». Бізнэсовец пра сваю заяву на Валера Цапкалу

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МУС праводзіць праверку «супрацьпраўнай дзейнасьці Валера Цапкалы»