Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская выступіла ў эфіры Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё, дзе падзялілася сваёй перадвыбарнай праграмай.
«Мяне ніколі ня вабіла ідэя будаваць кар’еру, я адчувала сябе перш за ўсё жонкай і маці, — цытуе яе Tut.by. Але год таму мой муж Сяргей Ціханоўскі стварыў інтэрнэт-праект „Страна для жизни“, у рамках якога сустракаўся з рознымі людзьмі. Яны расказвалі, што іх турбуе, што думаюць пра жыцьцё ў Беларусі. І тых людзей сталі караць штрафамі, кідаць у турмы. Вось таму, калі майго мужа пазбавілі магчымасьці ўдзельнічаць у выбарах, я вырашыла замяніць яго і ісьці да перамогі за сябе, за Сяргея, за ўсіх нас».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Агітацыйны пікет Ціханоўскай у Менску. ФОТА, ВІДЭАСьвятлана Ціханоўская заявіла, што ня стане нічога абяцаць: для гэтага ёсьць іншыя людзі, якія 26 гадоў раздаюць «пустыя абяцаньні». Тым ня меней акрэсьліла праблемныя моманты, якія неабходна зьмяніць:
- Масавая эміграцыя беларусаў за мяжу
- Паміраньне вёсак і малых гарадоў
- Правалены іспыт уладаў на каранавірус
- Гвалт супраць уласнага народу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сьвятлана Ціханоўская на пікеце ў Дзяржынску: Пагроза ўладзе — не ў кандыдатах, а ў народзе. Відэа«Гэтым летам людзей пачалі хапаць на вуліцах нават не за тое, што выйшлі на нейкі мітынг. Іх хапалі, бо яны хацелі сваім подпісам падтрымаць вылучэньне прэтэндэнтаў. А цяпер хапаюць, што зьбіраліся падаць скаргі ў ЦВК на відавочныя парушэньні. Няўжо дзейны прэзыдэнт разьлічвае, што, зьбіваючы людзей, кідаючы за краты, выпісваючы штрафы, можна прымусіць сябе любіць? Ён што, сапраўды думае, што гвалтам, хамствам і хлусьнёй можна вырашыць праблемы ў эканоміцы, да якіх ён сам жа і прывёў краіну?», — заявіла Ціханоўская.
Яна запэўніла, што ў выпадку перамогі 9 жніўня правядзе новыя выбары з усімі альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Падчас пераходнага пэрыяду краінай будуць кіраваць тыя ж чыноўнікі, што і цяпер, за выключэньнем асобаў, якія груба парушылі закон. Акрамя выбараў, Ціханоўская плянуе прызначыць рэфэрэндум аб вяртаньня Канстытуцыі 1994 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская — наш прэзыдэнт? Аналітыкі аб прэзыдэнцкай кампаніі пасьля аб'яднаньняКандыдатка таксама агучыла асноўныя тэзы сваёй праграмы «Краіна для жыцьця, дзяржава для людзей».
- Стварэньне новых працоўных месцаў у Беларусі
- Зьняцьце бар’ераў для малога і сярэдняга бізнэсу
- Перагляд фінансаваньня стратных прадпрыемстваў
- Рэформа сыстэма аховы здароўя і адукацыі
- Прыярытэты замежнай палітыкі.
«Незалежнасьць — наша абсалютная галоўная каштоўнасьць, мы яе не прадаём. Мы мірныя людзі, будзем сябраваць з усімі, але толькі ў інтарэсах уласнай краіны. Мы павінны стварыць партнэрства на роўных, а не залежаць ад газавай і нафтавай іголкі. Простага шляху няма: альбо мы аб’ядноўваемся і разам ідзём у краіну для жыцьця, альбо паўтараем памылкі мінулых гадоў», — падсумавала Сьвятлана Ціханоўская.