Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі апублікавала 16 ліпеня адказ на масавыя скаргі адносна адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, а таксама іншых пытаньняў.
Што піша ЦВК:
- паводле артыкула 68¹ Выбарчага кодэксу, толькі самі асобы, якім адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі, могуць скардзіцца на гэтую адмову, а Бабарыка і Цапкала казалі, што маюць намер падаць такія скаргі ў Вярхоўны суд;
- зьмена меры стрыманьня Бабарыку — справа Сьледчага камітэту, адносна гэтага ЦВК ня мае паўнамоцтваў пісаць звароты ў СК;
- ЦВК ня мае права рэгуляваць сваёй пастановай пытаньні аб паўнамоцтвах назіральнікаў на выбарах (іх ЦВК у адказе назвала «наглядальнікамі»), яны вызначаныя артыкулам 13 Выбарчага кодэксу (пры тым ЦВК абмяжоўвае правы назіральнікаў праз «рэкамэндацыі» ў «мэтадычных дапаможніках);
- ЦВК ня мае патрэбы запрашаць міжнародныя арганізацыі для правядзеньня экзыт-полаў — сацыялягічныя апытаньні і маюць права праводзіць арганізацыі, акрэдытаваныя Камісіяй па апытаньнях грамадзкай думкі пры Акадэміі навук.