У Горадні прайшоў суд у адміністрацыйных справах аднаго зь фігурантаў «справы Ціханоўскага» Ўладзімерам Навумікам 29-30 чэрвеня. Ён удзельнічаў у паседжаньні праз Skype.
Навуміка затрымалі ў Горадні 29 траўня на пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу, да таго ж у дачыненьні да яго завялі крымінальную справу паводле артыкулу 364. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Я вельмі баюся, што ў мяне забяруць дзіця», — жонка гарадзенца, затрыманага ў справе ЦіханоўскагаНядаўна стала вядома, што на Навуміка склалі адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі.Як зачытала судзьдзя Ларыса Барэль, Навумік нібыта лаяўся нецэнзурна, чапляўся да людзей, перашкаджаў праехаць аўтатранспарту, а потым, калі яго сталі затрымліваць міліцыянты, не падпарадкоўваўся, вырываўся, спрабаваў уцячы.
На першай лаве жонка Віталія Навумік і бацька Ўладзімера
Навумік сваёй віны не прызнаў. Ён патлумачыў, што прыйшоў на плошчу, каб азнаёміцца зь біяграфіяй Ціханоўскай і, магчыма, паставіць за яе свой подпіс. Калі пачалася тузаніна на плошчы, ён адышоў падалей ад яе і здымаў тое, што адбывалася, на тэлефон.
Па словах Навуміка, неўзабаве ззаду да яго падышоў незнаёмец у цывільным адзеньні і з маскай на твары. Не прадставіўшыся, нічога не патлумачыўшы, заламаў Навуміку руку і пацягнуў яго ў мікрааўтобус без абазначэньняў. Як патлумачыў Навумік, ён важыць 65 кіляграмаў, таму ня здолеў бы і не спрабаваў супраціўляцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Я выйду іншым чалавекам». Затрыманы ў «справе Ціханоўскага» напісаў жонцы, у якой маглі забраць дзіцяЯк далей расказаў фігурант, у мікрааўтобусе незнаёмец паклаў Навуміка на падлогу і націснуў яму каленам на галаву. На пытаньне, за што той гэта робіць, мужчына адказаў Навуміку: «Бо ты здымаеш».
Па словах Навуміка, пасьля затрыманьня ў яго моцна падскочыў ціск, ён кепска цяміў, што адбываецца.
Сьведкамі выступілі супрацоўнікі АМАПу Павел Халява і Аляксандар Мацкевіч. Яны сказалі, што Навумік лаяўся нецэнзурна, чапляўся да людзей, парушаў парадак, а потым не падпарадкоўваўся, калі яго міліцыянты спрабавалі затрымаць.
Халява ўдакладніў, што ня бачыў, як Навумік чапляўся да людзей, хапаў іх за адзеньне. Мацкевіч патлумачыў, што Навуміка затрымлівалі праз падазрэньне ў злачынстве, калі пасьля штурханіны ўпаў міліцыянт. Па ягоных словах, Навумік «блытаўся пад нагамі».
Суд прызначыў Навуміку адміністрацыйны арышт паводле гэтых двух артыкулаў — за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі — агульнай працягласьцю 10 сутак. Фактычна ён ужо адбыў гэты тэрмін, бо і так знаходзіцца ў СІЗА. Суд у крымінальнай справе над Навумікам і іншымі фігурантамі справы Ціханоўскага яшчэ не праходзіў.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.